Сяброўка Касінерава пра справу за пятлю на скульптуры гарадавога: «Крымінальная справа за жарт? Гэта абсурд!»

Марына Насенка. Падчас абароны Курапатаў

Сяброўка Вячаслава Касінерава Марына Насенка распавяла Свабодзе, што 28 сакавіка ў яго павінен быў скончыцца 15-суткавы адміністрацыйны арышт за ўдзел у акцыі 17 лютага, але ў аўторак Вячаслава ня выпусьцілі, а перавялі з Жодзінскага ізалятару ў Менск на «Валадарку».

Яму проста зьмянілі меру стрыманьня — цяпер Касінераў абвінавачваецца паводле часткі 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу («Хуліганства») за пэрформанс са скульптурай гарадавога. Справа распачатая Сьледчым камітэтам Маскоўскага раёну Менску.

«Да суду ён будзе ўтрымлівацца ў СІЗА № 1 на Валадарцы, сказаў пракурор. Колькі гэта будзе доўжыцца, невядома: справа „антыфашыстаў“ цягнулася амаль год. Учора Вячаславу далі магчымасьць пабачыцца з маці, яна перадала сыну цёплыя рэчы. Маці трымаецца добра, мы разам зьбіраем перадачу, сёньня паспрабуем аднесьці на „Валадарку“».

Вячаслаў Касінераў, архіўнае фота

Марына Насенка сама адседзела 12 сутак — спачатку ў Менску на Акрэсьціна, потым у Жодзіне. Яна несла перадачу Вячаславу ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў, і яе затрымалі, далі 12 сутак за акцыю 17 лютага.

«Вячаслаў трымаецца добра, пастаянна адчувае падтрымку. Хоць мы і сядзелі ў адных і тых жа ізалятарах у адзін і той жа час, зь ім я ня бачылася, не перасякалася. Але калі нас вялі на прагулку, я гучна крычала — Вячаслаў сядзеў на першым паверсе і грукаў у дзьверы. Вось так адбываліся камунікацыі. На прагулках дзяўчаты і хлопцы былі ў розных клетках, але выкрыквалі прозьвішчы — мы ведалі, хто сядзіць. У кожнай камэры сядзелі актывісты. Раніцай на пераклічцы чулі знаёмыя прозьвішчы», — распавяла Марына пра свой арышт.

Марына Насенка абураецца, што за пэрформанс, арт-акцыю, жарт, у Беларусі заводзяць крымінальную справу.

«За што саджаць? Побач з помнікамі людзі фатаграфуюцца, кранаюць іх, садзяцца побач. А тут нават ня помнік, а гарадзкая скульптура. Калі была „справа графіцістаў“, там хоць нейкае пашкоджаньне маёмасьці было, а тут — нічога. Дарэчы, нядаўна адзін мужчына раменьчык ад сумкі таксама накінуў на шыю гэтаму паліцыянту, і нічога не было.

А тое, што зрабіў Вячаслаў, — проста жарт. Гэта проста выказваньне свайго погляду. За пазыцыю чалавека душаць. Гэта проста абсурд!

Вячаславу Касінераву вельмі патрэбна падтрымка, так што пішыце яму лісты, паштоўкі ў СІЗА № 1 на Валадарскага», — папрасіла Марына Насевіч.

Касінераў з анархістамі з групы «Чорная ружа» 12 сакавіка правёў «дзёрзкую акцыю супраць міліцэйскага бясчынства». Каля цэнтральнага будынка Міністэрства ўнутраных спраў актывісты накінулі пятлю на шыю скульптуры расейскага паліцыянта, якую нядаўна там паставілі ў прысутнасьці міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Ілюстрацыйнае фота. Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч (справа) і помнік гарадавому ў Менску