Эўравізія-2017: букмэйкеры чакаюць, што беларусы трапяць у лік пераможцаў другога паўфіналу

Сёньня ў Кіеве, у 22.00 па менскім часе, адбудзецца другі паўфінал сьпеўнага конкурсу «Эўравізія-2017», у якім возьме ўдзел беларускі гурт Naviband. Упершыню за ўсю гісторыю конкурсу ён выступіць зь песьняю на беларускай мове.

Беларусам сымпатызуюць у Кіеве

Украінцы вельмі сымпатызуюць беларускім удзельнікам найперш празь беларускую мову іхнай песьні, і толькі потым дзякуючы іх непасрэднасьці ды энэргічнасьці.

«Яны гарманічныя, драйвавыя ды сьпяваюць ад душы. І вельмі радуе, што яны сьпяваюць на сваёй мове», — кажа прадстаўніца прэсавай службы мэра Кіева Вольга Фядорчанка.

Яе калега Ўлад дадае:

«Галасаваць ня буду, але калі б галасаваў, то за іх. Пасьля вылету фінаў яны рэальна мае фаварыты. Магчыма, менавіта мова дадае песьні шарму, але ўсё ж фішка ў гарманічнасьці і шчырасьці. Такія рэчы за грошы ня купіш і не спрадусаруеш».

Шмат хто з журналістаў піша, што дзякуючы Naviband адкрыў для сябе мілагучнасьць беларускай мовы. Асабліва пасьля таго, як беларускія музыкі выступілі зь песьняй пераможцы леташняй «Эўравізіі» Джамалы «1944».

«Сама мова як песьня. Гэты скарб, які вы хавалі ад сьвету і ў пэўнай ступені ад сябе, час дэманстраваць і ганарыцца ім», — кажа карэспандэнтка ўкраінскага агенцтва «Ліга» Ірына Шаўчэнка. Яна дадала, што цяпер чытае творы Васіля Быкава, сабраныя ў беларускамоўным выданьні аповесьцяў і апавяданьняў «Пакахай мяне, салдацік».

Беларусы, што воляю лёсу апынуліся ва Ўкраіне, могуць прагаласаваць за сваіх. Згодна з правіламі, галасы будуць улічвацца толькі ў тым выпадку, калі званкоў і SMS-паведамленьняў з аднаго нумара будзе ня больш за 20.

«Мяне радуе, што для пакаленьня, якое вырасла пры Лукашэнку, яны дастаткова незакамплексаваныя ды жывыя. І ўпершыню на „Эўравізіі“ песьня на беларускай мове прагучыць — дзякуючы ім. Па-мойму, песьня вельмі сымпатычная. І яны вельмі сымпатычныя. Але ўсё роўна трэба разумець, што яны прадстаўляюць сыстэму і за іхнымі сьпінамі ўсё роўна ёсьць функцыянэры, блізкія да адміністрацыі Лукашэнкі», — кажа беларуска Вераніка Бягун, якая жыве ў Кіеве.

У асяродзьдзі канкурсантаў беларусы Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук таксама выклікаюць сымпатыі.

«Хачу вылучыць беларусаў. Украінца, вядома, таму што мы краіны-суседзі. Данія, Іспанія. Але ці ня ўсе стаўкі пайшлі на Італію, у яе прадстаўніку мне таксама ўсё падабаецца: і песьня, і нумар. Але хто ведае, ці гэта перамога? Ніхто ня можа ведаць загадзя! Усё вельмі хаатычна і можа зьмяніцца ў кожны момант. Паўтаруся, мне падабаюцца песьні Беларусі, Украіны, Даніі — сёлета вельмі моцныя ўдзельнікі. Швэды традыцыйна запальваюць, аўстраліец», — кажа наймалодшы ўдзельнік «Эўравізіі» ад Баўгарыі Крыстыян Костаў.

Гурт Naviband у Кіеве

Італія, Партугалія, Баўгарыя — сярод фаварытаў фіналу

букмэйкеры прагназуюць баўгарскаму сьпеваку трэцяе месца ў фінале «Эўравізіі», а першае аддаюць прадстаўніку Італіі Франчэска Габанэ. Ён два гады запар перамагаў на фэстывалі Сан-Рэма, што таксама здарылася ўпершыню ў гісторыі гэтага конкурсу. У 2015 годзе ён перамог у катэгорыі «пачаткоўцаў», а ў 2017-м стаў пераможцам у галоўным конкурсе зь песьняй «Occidentali’s Karma». Але ўжо пасьля перамогі ў Сан-Рэма на працягу тыдня дыск з гэтым сынглам стаў залатым, а на працягу месяца — двойчы плацінавым. Менавіта з гэтай кампазыцыяй ён прадставіць Італію на «Эўравізіі» ў Кіеве.

Паводле букмэйкераў, другое месца будзе ў прадстаўніка Партугаліі Салвадора Сабрала, а замыкаюць пяцёрку лідэраў Бэльгія ды Швэцыя. Беларускія канкурсанты крыху палепшылі свае вынікі — за тыдзень яны перамясьціліся з 34 на 29 месца.

За некалькі дзён да фіналу эўрапейскія СМІ паведамілі пра крытычны стан партугальскага фаварыта конкурсу Салвадора Сабрала. У яго хвароба сэрца, і да канца году трэба знайсьці донара, каб выжыць. Артыст ледзь можа рэпэціраваць і выступаць. Менавіта таму Салвадор не прысутнічаў на падрыхтоўчых этапах «Эўравізіі», а ў Кіеў прыляцеў за дзень да ўдзелу ў першым паўфінале. За ўсю гісторыю гэтага конкурсу Партугалія яшчэ ніколі не перамагала.

Але прагнозы букмэйкераў, як і вынікі галасаваньня непасрэдна ўкраінцаў, могуць імгненна зьмяніцца. Пад уплывам інфармацыі, якая зьявілася літаральна за некалькі гадзін да другога паўфіналу, пра тое, што ў чэрвені 2014 году Крыстыян Костаў выступаў у крымскім Артэку на канцэрце, прымеркаваным Дню абароны дзяцей. То бок фактычна праз два месяцы пасьля анэксіі Крыму. Што праўда тады яму было 14 гадоў.

Украінскія ўлады адразу пачалі апраўдвацца, бо паводле аналягічнай прычыны Служба бясьпекі Ўкраіны забараніла ўезд на ўкраінскую тэрыторыю канкурсантцы ад Расеі Юліі Самойлавай, і цяпер «Эўравізія» адбываецца безь яе.

«На момант перасячэньня Крыстыянам Коставым дзяржаўнай мяжы Ўкраіны інфармацыі або даручэньняў іншых праваахоўных органаў пра тое, што ён, магчыма, наведваў акупаваны Крым насуперак заканадаўству Ўкраіны, у памежным ведамстве не было. Разам з тым на момант магчымай паездкі прадстаўніка Баўгарыі на паўвостраў ён быў непаўналетнім, самастойна ня мог прымаць рашэньняў і ехаў толькі ў суправаджэньні дарослых. Акрамя таго, заканадаўчая норма пра забарону ўезду на акупаваную тэрыторыю набыла моц у канцы 2014 году», — паведамілі Радыё Свабода ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны.

Цяпер праваахоўныя органы супольна са Службаю бясьпекі Ўкраіны вывучаюць дэтальна сытуацыю з баўгарскім канкурсантам.

Сытуацыя напальваецца. Напярэдадні фіналу, які мае адбыцца 13 траўня.