Старшыня Мытнага камітэту пракамэнтаваў крымінальную справу ашмянскіх мытнікаў

Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Юры Сянько (у цэнтры)

Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Юры Сянько ня мае поўных дадзеных, каб выказаць сваё меркаваньне наконт так званай справы «ашмянскіх мытнікаў».

Адказваючы на пытаньні журналістаў у Палаце прадстаўнікоў, Юры Сянько сказаў, што не бярэ на сябе адказнасьці сьцьвярджаць, вінаватыя ягоныя падначаленыя ці не. «Спадзяюся, што суд ва ўсім разьбярэцца і вэрдыкт будзе справядлівым», — зазначыў чыноўнік.

У канцы мінулага году ў судзе Партызанскага раёну Менску пачаўся працэс у справе супрацоўнікаў пункту пропуску «Каменны Лог» блізу Ашмянаў. На лаве падсудных — 11 асобаў, якім выстаўленае абвінавачаньне ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу).

Пяцёра абвінавачваных знаходзяцца пад вартай, астатнія — пад хатнім арыштам. Сярод абвінавачваных — беларускамоўны мытнік-краязнаўца з Астравеччыны Алесь Юркойць.

Увесну 2015 году спэцслужбы затрымалі вялікую групу ашмянскіх мытнікаў. Іх абвінавацілі ў карупцыі і хабарніцтве, арганізацыі наладжанай схемы па нявыплаце мытных плацяжоў. Сумы хабару складалі ад 250 да 3 тысяч даляраў. КДБ паведаміў, што па месцы жыхарства ўдзельнікаў групы канфіскавалі больш за 2 мільёны даляраў гатоўкай.

Паводле арт. 430 ч. 3 Крымінальнага кодэксу абвінавачваным пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.