«Для Беларусі і два рэактары — зашмат, Літва ня будзе купляць энэргію зь небясьпечнай АЭС»

Будаўніцтва БелАЭС. Фота Lasko Dmitry / Shutterstock

Пасьля заявы расейскага амбасадара ў Менску Аляксандра Сурыкава, што на Беларускай АЭС у Астраўцы ў будучыні могуць быць усталяваныя яшчэ два рэактары, віцэ-міністар энэргетыкі Літвы Сімонас Шатунас адзначыў, што і тыя два рэактары, якія зараз узводзяцца, могуць быць залішнімі.

«Літва рэалізуе свой закон, і ня будзе ўпускаць электраэнэргію зь небясьпечнай АЭС, таму я сапраўды ня ведаю, куды, за выключэньнем, магчыма, расейскага ўнутранага рынку, Беларусь будзе пастаўляць гэту электрычнасьць. Ужо і зараз папярэднія падлікі паказваюць, што і тыя два рэактары, што будуюцца — гэта занадта шмат. У такім выпадку электраэнэргія будзе прадавацца на ўнутраны расейскі рынак, паколькі гэта інтэграваныя сыстэмы», — цытуе Сімонаса Шатунаса delfi.lt.

Акрамя таго, паводле словаў літоўскага віцэ-міністра, усё яшчэ ня ясна, якая будзе цана электраэнэргіі з гэтай АЭС. Беларусь не падае канкрэтных разьлікаў. Шатунас уздымае і пытаньне пра сховішчы адпрацаванага ядзернага паліва. Калі сховішчы ня ўключаны ў цяперашнюю цану, то гэта азначае, што яна будзе яшчэ вышэйшай:

«Перапрацоўка атамных адкідаў, як сьведчыць швэдзкі досьвед, надзвычай дарагая і часам складае ледзь не палову выдаткаў на разьвіцьцё самой атамнай станцыі. Ці ўключаны гэтыя выдаткі? Калі не, якая рэальная камэрцыйная цана гэтай станцыі?» — пытаецца віцэ-міністар энэргетыкі Літвы.

У пятніцу амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што пры спрыяльных умовах на рынку у Астраўцы можна пабудаваць яшчэ два рэактары і падвоіць магутнасьці БелАЭС, бо «геалягічныя ўмовы тут самыя спрыяльныя». Паводле ягоных слоў, перамовы наконт гэтага ішлі яшчэ да пачатку будаўніцтва АЭС.