Магілёўцы выступілі ў абарону Мікалая Лукашэнкі — даслалі Лукашэнку-старэйшаму будаўнічую каску

Каска Лукашэнку, падарунак ад магілёўцаў

Магілёўскі актывіст прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксей Паўлоўскі адзначыў Міжнародны дзень абароны дзяцей зборам подпісаў у абарону правоў Мікалая Лукашэнкі.

Прафсаюзны актывіст настойвае, што правы 12-гадовага хлопчыка парушаюць тыя, хто прымушае яго ўдзельнічаць у «паказушных» суботніках. Паўлоўскі спасылаецца на працоўнае заканадаўства: яно не дазваляе выкарыстоўваць працу асобаў, якім няма 14 гадоў.

Прэзыдэнт ігнаруе закон, хоць павінен дэманстраваць павагу да яго

На збор подпісаў прафсаюзны актывіст наважыўся пасьля прагляду растыражаваных дзяржаўнымі СМІ кадраў, на якіх Мікалай Лукашэнка бяз сродкаў абароны разам з бацькам і групай дарослых нясе бервяно.

«Выклікае зьдзіўленьне, калі бачыш, як Мікалая, якому 12 гадоў, прымушаюць несьці цяжкое бервяно, ды яшчэ бяз сродкаў абароны. Можа, гэтае бервяно бутафорскае, а сам суботнік — шоў. Але бачыць такое мне, чалавеку, які 35 гадоў адпрацаваў на будоўлі, невыносна. І гэтае парушэньне заканадаўства паказваюць на БТ. Прэзыдэнт павінен дэманстраваць павагу да закону і правоў, а ён ігнаруе абавязковыя правілы бясьпекі на будоўлі», — тлумачыў сваю ініцыятыву Аляксей Паўлоўскі.

На ягоную думку, удзел у цяжкой працы не дае Мікалаю як сьлед выспацца. Як вынік, лічыць ён, зьявілася патрабаваньне кіраўніка дзяржавы пачаць заняткі ў школе пазьней.

«Гэтым самым парушаецца рэжым працы школаў, які ўстояўся за шмат гадоў. Ад гэтага церпяць настаўнікі і вучні, якія мусяць падпарадкоўвацца прыхамаці чыноўнікаў», — кажа Паўлоўскі.

Мікалай жыве як кароль, нашто бараніць ягоныя правы?

За няпоўную гадзіну пад зваротам прафсаюзнага актывіста падпісаліся 23 чалавекі. Разам зь лістом Аляксей Паўлоўскі даслаў і будаўнічую каску для Аляксандра Лукашэнкі. Падарунак ад магілёўцаў пошта мае даставіць у Менск на вуліцу Карла Маркса, 38. Прэзэнт абышоўся беспрацоўнаму Паўлоўскаму ў 13 рублёў.

«Каску дасылаю як сымбаль абароны для Мікалая і напамін для ягонага бацькі, што варта захоўваць тэхніку бясьпекі на будоўлі, бо ён кіраўнік дзяржавы — гарант выкананьня законаў», — кажа Аляксей Паўлоўскі.

Каб зьбіраць подпісы, Паўлоўскі зрабіў адмысловы стэнд і стаў зь ім на пешаходнай вуліцы Ленінскай. На стэндзе — фатаздымкі з публікацыямі, якія, паводле актывіста, зафіксавалі парушэньне Лукашэнкам і ягоным сынам працоўнага заканадаўства.

Амаль усе, хто падыходзіў да стэнду на заклікі Паўлоўскага, ставіліся да ягонай акцыі як да нечага несурʼёзнага. Тым ня менш падпісваліся.

«Гэта прыкол, таму я і падпісаўся. Наагул я лічу, што дзяцей трэба прыцягваць да працы, каб ведалі, як зарабляюцца грошы», — патлумачыў сваю пазыцыю мужчына, які адным зь першых падпісаў зварот да Лукашэнкі-старэйшага.

«Падпісаліся, бо сапраўды дзецям на будоўлі няма чаго рабіць. Гэта парушэньне», — адрэагавалі на цікавасьць журналіста маладыя людзі.

«Мікалай і так жыве як кароль, дык нашто бараніць яшчэ ягоныя правы?» — адказалі двое навучэнцаў кадэцкай вучэльні, якія, выслухаўшы тлумачэньні Паўлоўскага, пайшлі прэч ад стэнду.

Лукашэнку і ягоную сямʼю бароніць служба аховы прэзыдэнта

Раней Паўлоўскі разам з калегам па прафсаюзе Аляксандрам Хамратавым скардзіліся ў Дэпартамэнт аховы працы на службоўцаў, якія дапусьцілі кіраўніка дзяржавы да працы на будоўлі гімнастычнага комплексу бяз сродкаў абароны. Лукашэнку скаржнікі называлі «неатэставанай асобай». Патрабавалі прыцягнуць службоўцаў да адказнасьці.

Дэпартамэнт адпісаў актывістам, што Лукашэнка ні працоўных, ні грамадзянска-прававых стасункаў з арганізацыяй, якая выконвала працы на будоўлі, ня меў, таму «адсутнічаюць падставы для прыцягненьня да адказнасьці за парушэньне патрабаваньняў аховы працы адказных асобаў будаўнічай арганізацыі».

Дэпартамэнт аховы працы, а ўсьлед за ім Міністэрства працы і сацыяльнай абароны напісалі актывістам, што пытаньнямі абароны Лукашэнкі і ягонай сямʼі займаецца служба бясьпекі прэзыдэнта.