2 тыдні на абскарджваньне, месяц — каб пакінуць краіну, — былога палітвязьня Рубцова могуць дэпартаваць з ФРГ

Юры Рубцоў з жонкай. Гомель, жнівень 2015 году

Улады Нямеччыны адмовілі ў палітычным прытулку былому палітзьняволенаму Юрыю Рубцову. У кастрычніку 2015 году разам з жонкай Ядзьвігай ён зьехаў у Нямеччыну, вэрдыкту чакалі ў лягеры ўцекачоў пад Нюрнбэргам.

У Беларусі Юры Рубцоў набыў вядомасьць пасьля таго, як пачаў зьяўляцца на апазыцыйных акцыях у майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». Яго неаднаразова затрымлівалі, каралі адміністрацыйнымі арыштамі. Калі адбываў «хімію», аналягічную тату зрабіў сабе на грудзях.

Грамадзкі актывіст з Гомелю быў асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі ў кастрычніку 2014 году «за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня» ў спэцкамэндатуры вёскі Куплін, куды ён быў накіраваны на 1,5 года за «абразу судзьдзі».

У турме трымаў шматдзённую галадоўку і быў вызвалены перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2015 году на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі.

Дыялёг карэспандэнта Свабоды Валера Каліноўскага і Аляксандра Лукашэнкі пра справу Юрыя Рубцова:

Празь некаторы час Рубцовы папрасілі палітычнага прытулку ў Нямеччыне. Больш за год яны чакалі адказу нямецкага ўраду аб даваньні прытулку. 1 чэрвеня быў атрыманы адказ — просьба не задаволена.

Як сказала Свабодзе Ядзьвіга Рубцова, канчатковае рашэньне наконт сваёй будучыні будзе прынятае на наступным тыдні:

«Мы маем права аспрэчыць адмову праз суд, іншых варыянтаў папросту няма. Ці скарыстаемся? Пакуль ня ведаю. Асабіста я хацела б, а мужу перашкаджае гонар — гэта для яго як прыніжэньне. Справа ў тым, што прытулак даюць шмат каму — сырыйцам практычна ўсім, іншым уцекачам. У той час як Беларусь, Украіна, наогул постсавецкая прастора — адны нэгатывы, усіх грабуць пад адно. Не глядзяць, чаму ты тут, зь якой прычыны, нават не зважаюць, што ты палітычны і за цябе змагалася тая ж Эўропа, пакуль сядзеў. Нібыта абяцала спрыяньне „Міжнародная амністыя“, якая прызнавала Юрыя пацярпелым, але пакуль безвынікова».

Як удакладніла спадарыня Ядзьвіга, два тыдні даецца на абскарджваньне рашэньня. Калі ж высілкі акажуцца бясплённымі, цягам 30 дзён Рубцовы мусяць пакінуць краіну:

«Цягам месяца мы мусім добраахвотна вызваліць памяшканьне, іначай прыедуць з паліцыяй і дэпартуюць. Мабыць, нешта будзем вырашаць у аўторак, калі зьявіцца прыстаўлены да нас расейскамоўны сацыяльны работнік. Будзем раіцца. Іншая справа, што адвакаты тут, мякка кажучы, зусім ня танныя. Добра, калі ўрэшце вырашыцца станоўча, але вялікая рызыка аддаць апошнія грошы і застацца безь нічога — гарантаваць станоўчага рашэньня ніхто ня можа. Мы ж ніякіх правоў ня маем, уцякач і ўцякач, ніхто з табой цырымоніцца ня будзе».

У 2014 годзе Юры Рубцоў быў асуджаны на 1,5 года «хіміі» за зьнявагу судзьдзі, які судзіў яго напалову разьдзетым — міліцыянты сарвалі зь яго майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!».

На хіміі ў Пружанскім раёне Юры Рубцоў адмовіўся працаваць на работах, вызначаных міліцыяй, паколькі яго не задаволіў узровень заробку. Пасьля таго, як Рубцоў зрабіў сабе тату з тым жа надпісам «Лукашэнка, сыходзь», на яго завялі новую крымінальную справу за адмову працаваць і зьмясьцілі за краты.

У чэрвені 2015 году Рубцова асудзілі на 2 гады зьняволеньня, адбываў ён пакараньне ў калёніі ў Бабруйску. «Міжнародная амністыя» прызнала беларускага актывіста палітвязьнем. У жніўні таго ж году выйшаў на волю разам зь іншымі асуджанымі за палітычную актыўнасьць.