Фігуранта «справы патрыётаў» Комлік-Ямаціна перавялі з «Амэрыканкі» на «Валадарку»

Андрэй Комлік-Ямацін

Аднаго з абвінавачваных у «справе патрыётаў» Андрэя Комлік-Ямаціна перавялі зь СІЗА КДБ у СІЗА № 1 гораду Менску.

Пра гэта Свабодзе паведаміла грамадзкая прадстаўніца сем’яў фігурантаў «справы патрыётаў» Ніна Шыдлоўская:

«Яго перавялі з аднаго ізалятару ў другі, але нейкіх высноў рабіць з гэтага нельга. У гэтай справе ўжо бывала, што вызвалялі і наўпрост з ізалятару КДБ, але бывала, што і пасьля „Валадаркі“. Цяжка сказаць, чаму так адбываецца, яны нейкія зьмены робяць увесь час, але паводле толькі ім вядомай лёгіцы. Магчыма, ужо ўзялі зь яго паказаньні і няма сэнсу больш трымаць у „Амэрыканцы“. У любым выпадку хочацца верыць, што больш да Андрэя няма пытаньняў і неўзабаве яго, як і некаторых іншых, вызваляць пад падпіску», — сказала Ніна Шыдлоўская.

Паводле зьвестак Ніны Шыдлоўскай, у першай палове 5 чэрвеня ў КДБ на допыт у якасьці сьведкі была выкліканая жонка фігуранта «справы патрыётаў» Андрэя Дундукова Ганна.

«З Ганнай Дундуковай пакуль няма сувязі», — паведаміла Ніна Шыдлоўская.

На 5 чэрвеня ў «справе патрыётаў» за кратамі застаюцца 14 чалавек з больш як 20, каго затрымалі напярэдадні і пасьля Дня Волі. Апошнімі пад падпіску выйшлі зь вязьніц Сяргей Кунцэвіч і Андрэй Бяляўскі. Кіроўца Мікалая Статкевіча Сяргей Кунцэвіч пасьля вызваленьня распавёў, што ў СІЗА КДБ у дачыненьні яго ўжывалі электрашокер і дамагаліся зьвестак пра месца знаходжаньня палітыка Мікалая Статкевіча. Свабода спрабуе атрымаць ад КДБ камэнтар да гэтых заяваў, але пакуль тэлефон для сувязяў не адказвае.