Пра забароненае інтэрвію Алексіевіч і мой сорам чытача

Сяргей Дубавец

Праімпэрскае расейскае агенцтва «Рэгнум» зьвярнулася да Сьвятланы Алексіевіч па інтэрвію. Пісьменьніца адказала на пытаньні, але ўрэшце забараніла друкаваць матэрыял. «Рэгнум» спаслаўся на яе папярэднюю згоду і інтэрвію надрукаваў.

Па ідэі чалавек, які давярае Алексіевіч, ставіцца да яе з павагай, цэніць этычныя прынцыпы журналісцкай прафэсіі, ня мусіць гэтае інтэрвію чытаць. Бо гераіня забараніла. Але ў кантэксьце таго гібрыднага цыклону, які штодня звальваецца на нашы галовы з расейскіх і прарасейскіх трансьлятараў, руйнуючы некалі трывалыя ўяўленьні пра этыку, прынцыпы і журналістыку, чалавек міжволі пераступае праз гэтыя рэчы. Словам, я павёўся на правакацыю «Рэгнуму» і не без пачуцьця сораму інтэрвію прачытаў. Супакойваў сябе тым, што мяне ў большай ступені цікавіць эвалюцыя першай беларускай літаратурнай набэліянткі. Праўда, «асадачак», як той казаў, застаўся.

Як бы там ні было, атрымаўся, на маю думку, знакавы тэкст для ўсіх нас сёньняшніх – з імпэрскага і з нашага, беларускага, боку, і для самой Алексіевіч і для тых, хто разважае пра яе ролю і творчасьць. Для ўсіх – як прыклад пікіроўкі праўды з «постпраўдай».

Падумалася: а калі б не дала згоды, маглі б і не надрукаваць…

Рэгнум: Вы кажаце, што калі сто гадоў назад (на вашу думку) насаджалася руская культура – гэта было дрэнна, а калі сёньня насаджаецца ўкраінская культура – гэта добра.

Алексіевіч: Яна не насаджаецца. Гэтая дзяржава хоча ўвайсьці ў Эўропу. Яна ня хоча жыць з вамі.

Рэгнум: … 83% жыхароў Украіны думаюць на рускай мове.

Алексіевіч: Што вы хочаце гэтым сказаць? Іх русіфікавалі за семдзесят гадоў, таксама, як і беларусаў.

Рэгнум: Вы часам кажаце пра Расею «мы», а часам «яны». Дык усё ж такі «мы» ці «яны»?

Алексіевіч: Усё ж такі «яны». Ужо «яны», на жаль.

Апроч «асадку» забароненае інтэрвію Алексіевіч пакінула і пытаньні, галоўнае зь якіх гучыць банальна: у якія часы мы жывем?

Рэгнум бярэ інтэрвію ў Алексіевіч, Ефрэмаў езьдзіць па Расеі з антыпуцінскімі дэклямацыямі, у расейскім пракаце ідзе фільм «Дурак» – страшная мэтафара сучаснай Расеі…

Фармальна мне гэта нагадала брэжнеўскія часы. Кнігі Быкава і Стругацкіх, канцэрты Высоцкага, першы фільм пра п’янства ў СССР «Бяда» (1977)… Усё гэта таксама не «падрывала асноваў» тагачаснай сыстэмы, але назапашвала энэргію, якая вырвецца разам зь перастройкай. Розьніца ў тым, што тады гэта былі прэцэдэнты свабоднае творчасьці і сатыры, а сёньня – рэцыдывы творчага разгулу 1990-х. І таму трэба паралеліць іх не з 1970-мі, а з 1920-мі – з рэцыдывамі на выхадзе з НЭПу? Пры той, натуральна, розьніцы, што ўсё адбываецца ўжо ня ў «нас», а ў «іх», і гэтая розьніца мусіць стаць вырашальнай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.