Беларусь пацьвердзіла разьмяшчэньне эўрабондаў на 1,4 млрд даляраў

Міністэрства фінансаў Беларусі пацьвердзіла БелаПАН ранейшыя зьвесткі Reuters пра разьмяшчэньне Беларусьсю эўрааблігацыяў на суму ў 1,4 млрд даляраў. Попыт інвэстараў быў, паводле Reuters, большы за прапанову — 3,1 млрд даляраў.

Эўрабонды разьмешчаныя двума траншамі: на 800 млн даляраў з пагашэньнем у лютым 2023 году і даходнасьцю 7,125% і на 600 млн — да 2027 году з даходнасьцю 7,625%. Сустрэчы з патэнцыйнымі інвэстарамі трывалі ад 19 чэрвеня ў Эўропе і ЗША, арганізацыяй угодаў займаюцца банкі Citi і Raiffeisen.

Беларусь таксама плянуе разьлічыцца па эўрабондах на 800 млн даляраў, разьмешчаных у 2011 годзе са стаўкай у 8,95% і з тэрмінам пагашэньня да 26 студзеня 2018 году. Далейшыя спробы разьмясьціць эўрабонды не былі пасьпяховымі. Шмат якія банкі, як пісаў Reuters, адмаўляліся мець справы зь Беларусьсю.

«Краіна — адзін з найбольш спрэчных эмітэнтаў, якія могуць паспрабаваць атрымаць доступ да рынкаў, — піша Reuters пра Беларусь. — Яе не стрыманы ў выказваньнях прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ў сьпісе з 16 людзей і 9 субʼектаў краіны, на якія распаўсюджваюцца санкцыі ЗША. Тым ня менш Беларусь можа выпускаць міжнародныя пазыкі, бо Захад спрабуе аднавіць супрацу зь ёю».

Як адзначаюць экспэрты ў камэнтары БелаПАН, эўрабонды зручныя для ўладаў Беларусі тым, што ўрад ня мусіць браць на сябе ніякія абавязаньні наконт рэформаў, у адрозьненьне ад крэдытаў МВФ і ЭФСР, якія абавязваюць беларускі бок выконваць пэўныя патрабаваньні. А галоўны мінус эўрабондаў у тым, што для дзяржавы гэта даволі дарагая справа.