Юркойцеў суд. Прывід палітыкі

Пачатак ТУТ

Калега Віктар Федаровіч, які сочыць за працэсам ашмянскіх мытнікаў у Менскім абласным судзе, апублікаваў справаздачу, зь якой вынікае, што абвінавачаньне, заснаванае толькі на прызнальных паказаньнях, стала зусім нікчэмным.

Пікіроўкі пракурора і былой мытнай начальніцы Марыны Мароз у часе яе допыту больш нагадваюць торг на рынку Ждановічы, чым хоць якое-небудзь імкненьне абодвух бакоў да высьвятленьня ісьціны. Гэты матыў – аднаўленьне праўдзівай карціны – увогуле кудысьці зьнік і з новага абвінавачаньня і з самога працэсу.

Тым часам мне патэлефанаваў знаёмы фізык (у сэнсе, ня лірык), якога я некалі назваў Майстрам. Рэч у тым, што днямі ён сустракаўся са сваім даўнім знаёмцам, які займае пасаду судзьдзі. Ён ня мае дачыненьня да працэсу мытнікаў, але ведае пра яго, як ведае і Алеся Юркойця. Словам, яны сустрэліся і Майстар распавёў мне пра іхны дыялёг – ягоную сутнасьць.

– Ці можна лічыць паказаньні за доказы? – спытаўся Майстар.

– Так, – адказаў судзьдзя.

– Але паказаньні не зьяўляюцца фактычнымі дадзенымі. Яны могуць супярэчыць адны адным, а фактычныя дадзеныя (факты) – гэта ісьціна. Ісьціна не супярэчыць ісьціне.

– Я чытаў Дубаўца, ён ня мае рацыі.

– На падставе якога артыкулу Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ лічыцца, што паказаньні – гэта доказы? – спытаў Майстар.

– Ня ведаю, – адказаў судзьдзя. – Я ня буду з табой спрачацца. Я кажу як у нас ёсьць.

– Ок. Ня будзем спрачацца. Ці можна казаць пра хабар, калі службовая асоба не парушала сваіх інструкцый?

– Не. У мяне быў выпадак, калі далі грошы выкладчыку за паступленьне ў ВНУ. Праверылі ацэнкі і аказалася, што ён іх не завысіў. Абвінавачаньне зьмянілі на махлярства.

– Ці можна казаць пра групу, калі паміж удзельнікамі не было змовы?

– Не. Калі ты пра справу Алеся, дык тут можа быць усё што заўгодна. Гэтая справа больш палітычная, чым крымінальная. Усё, у мяне няма часу. Больш я ўсё адно табе сказаць нічога не магу.

Даволі нечаканы паварот, бо калі так думае судзьдзя, так могуць думаць і судзьдзі на працэсе ашмянскіх мытнікаў, у прыватнасьці, той, які судзіць Алеся Юркойця.

Але стоп, адкуль тут палітыка?

Тое, што працэс пачаўся пасьля гучных заяваў прэзыдэнта, зусім ня сьведчыць пра палітычны характар справы.

Тое, што Алесь Юркойць патрапіў пад раздачу КДБ за сваю асьветніцкую дзейнасьць у нашых рэаліях можа лічыцца палітыкай. Асабліва калі ўлічыць крытычныя адносіны Юркойця да прэзыдэнта, якіх ён ні ад каго не хаваў. Але ў працэсе ён апынуўся ў складзе 58 чалавек, як выглядае, цалкам апалітычных, якім інкрымінуюць чыста крымінальнае злачынства.

Тое, што галяндзкія кветкі (за хуткае афармленьне якіх фірмачы нібыта плацілі грошы) ішлі ў Расею як санкцыйны тавар, гэта, безумоўна, палітыка. Але палітыка там, наверсе, на ўзроўні Крамля і Эўразьвязу, а ніяк не на ўзроўні беларускага мытнага пункту Каменны Лог.

Нарэшце, калі мільёны, якія знайшлі пад ваннай у Сарумянца, належаць камусьці з расейскіх палітыкаў, гэта, напэўна, палітыка. Але мы ня ведаем пра гэтыя грошы нічога, як і пра тое, як яны зьвязаныя зь беларускімі мытнікамі.

Застаецца дадаць, што прадметам разгляду ў кветкавым працэсе ані разу не была палітыка або нешта хоць бы прыблізна палітычнае.

Магчыма, палітыка – гэта тая замова на ўсю гэтую справу, што ідзе аднекуль зьверху і закліканая служыць нейкім палітычным мэтам, хоць сама па сабе справа мае чыста крымінальны характар. Гэта могуць разумець судзьдзі, могуць пракуроры. Але, баюся, нават калі мы пачуем нечаканыя прысуды, мы – усе астатнія – так і не зразумеем, дзе і калі тут пабывала палітыка.

«Бачыш палітыку? І я ня бачу. А яна ёсьць».

Працяг працэсу ў менскім Партызанскім судзе ў гэты аўторак, 27 чэрвеня а 10.30.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.