За хабар затрыманы намесьнік гендырэктара БелАЗу і яшчэ пяцёра

4 ліпеня ў Менску пры атрыманьні хабару ў 1200 даляраў затрыманы намесьнік гендырэктара БелАЗа. Акрамя яго, затрыманыя яшчэ пяцёра ўдзельнікаў злачыннай групы: начальнік бюро і эканаміст БелАЗу, якія бралі хабар, і тры прадстаўнікі камэрцыйнай структуры, якія давалі хабар.

«Намесьнік генэральнага дырэктара па фінансавай і эканамічнай палітыцы ААТ „БелАЗ“ быў затрыманы з доказамі злачынства падчас атрыманьня хабару. Суму ў памеры 1200 даляраў яму перадаў прадстаўнік сталічнай камэрцыйнай структуры. Грошы — узнагароджаньне за спрыяльнае вырашэньне пытаньня аб першачарговай аплаце пастаўленай на завод партыі мэталу. Супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС і Сьледчага камітэту спынілі крымінальную схему», — паведамляе афіцыйны сайт МУС.

На наступны дзень былі затрыманыя начальнік бюро і эканаміст ААТ «БелАЗ», якія з 8 чэрвеня па 4 ліпеня гэтага году таксама атрымлівалі хабар ад прадстаўнікоў згаданай фірмы ў якасьці «падзякі» за станоўчае вырашэньне пытаньня аб падпісаньні дамоваў на пастаўку мэталу.

Паводле праваахоўнікаў, незаконная схема дзейнічала з восені мінулага году — ад моманту ўтварэньня камэрцыйнай структуры. Мэтал для патрэб БелАЗа закупляўся па цэнах, якія перавышаюць рынкавы кошт. За гэта прадстаўнікі прадпрыемства сыстэматычна атрымлівалі хабар, памер якога складаў пэўны адсотак ад сумы зьдзелкі.

Усяго затрымана шасьцёра ўдзельнікаў злачыннай групы: тры службовыя асобы «БелАЗу», а таксама трое прадстаўнікоў камэрцыйнай структуры.

Заведзеныя крымінальныя справы паводле артыкула 430 Крымінальнага кодэксу — атрыманьне хабару (максымальнае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці), і артыкула 431 — даваньне хабару (максымальнае пакараньне да 7 гадоў).

Накладзены арышт на маёмасьць, якая належыць фігурантам: шэсьць аўтамабіляў прэміюм-клясы, грашовыя сродкі і каштоўнасьці, сем абʼектаў нерухомасьці.

Прозьвішчаў МУС не паведамляе. На афіцыйным сайце БелАЗу намесьнікам гендырэктара па фінансавай і эканамічнай палітыцы пазначаны Андрэй Аляксандравіч Даронін.