Рассельгаснагляд «амніставаў» рагачоўскую згушчонку

Адкрыцьцё помніка рагачоўскай згушчонцы 23 лістапада 2013г. Ілюстрацыйнае фота

Рассельгаснагляд зьняў забарону на пастаўкі малочнай прадукцыі з трох прадпрыемстваў Беларусі.

Як паведамляе прэс-служба ведамства, адноўленыя пастаўкі ў Расею прадукцыі кампаній «Малочныя горкі», Рагачоўскага малочна-кансэрвавага камбінату і берасьцейскага «Савушкин продукт».

Удакладняецца, што рашэньне прынятае з улікам перамоваў зь беларускім бокам, а таксама пасьля атрыманьня гарантый з боку намесьніка міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Аляксандра Субоціна.

Умовай адмены абмежаваньняў на ўвоз гэтай прадукцыі ў Расею застаецца рэжым узмоцненага лябараторнага кантролю.

Напярэдадні Свабода паведамляла, што Рассельгаснагляд абвясьціў пра абмежаваньні ад 18 жніўня для прадукцыі чатырох беларускіх прадпрыемстваў, у ліку якіх вытворца знакамітай рагачоўскай згушчонкі і нядаўна ўганараваны прэзыдэнцкім сьцягам флягман малочнай прамысловасьці «Савушкин продукт». У асартымэнце абодвух вытворцаў былі выяўленыя рэшткі антыбіётыкаў.

Тым часам блізу дзясятка беларускіх перапрацоўчых заводаў застаюцца ў Расеі пад часовай забаронай або на ўзмоцненым санітарным кантролі.