Прэзыдэнт Літвы: «Да вучэньняў „Захад“ мы падрыхтаваліся лепш, чым калі-небудзь раней»

Даля Грыбаўскайце, архіўнае фота

Даля Грыбаўскайце заявіла 14 верасьня, што да расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017», якія праходзяць у тым ліку і недалёка ад літоўскай мяжы, Літва падрыхтаваліся лепш, чым калі-небудзь раней.

«Хачу ўсьцешыцца, што мы падрыхтаваліся значна лепш, чым падчас вучэньняў „Захад“ у 2009 і 2013 гадах. Цяпер мы і самыя лепш падрыхтаваныя: маем больш папераджальных і абарончых інструмэнтаў на сваёй тэрыторыі, нам таксама дапамагаюць нашыя партнэры, нашыя сябры з NATO — больш бачыць, больш чуць і больш ведаць», — цытуе Delfi прэзыдэнта літоўскай дзяржавы.

Яна таксама зьвярнула ўвагу, што вучэньні ўжо ідуць хіба зь месяц, хоць афіцыйна іх пачатак абвешчаны 14 верасьня.

«Па-першае, хачу сказаць, што вучэньні „Захад“ ужо адбываюцца добра-такі зь месяц. Мы бачылі, як канцэнтруюцца ўсё больш войскаў, як ідзе рыхтаваньне. Такім чынам, ня варта канцэнтравацца толькі на 14–20 верасьня, бо гэта так званая актыўная фаза, а папраўдзе гэта VIP-частка, калі прыяжджаюць госьці, праходзяць паказальныя вучэньні. То ж бо і перад гэтым тэрмінам, і пасьля актыўнасьць падвышаная», — сказала Грыбаўскайце.

«Мы разам павінны гаварыць, як ацэньваем такія вучэньні, як мы да іх падрыхтаваліся, і зьвярнуць увагу сьвету на тое, што адбываецца на нашым памежжы», — сказала прэзыдэнт.

Расея і Беларусь пачалі сумесныя тыднёвыя вучэньні 14 верасьня. Масква паведамляе, што ў вучэньнях возьмуць удзел менш за 13 тысяч вайскоўцаў, а заходнія службоўцы лічаць, што насамрэч да вучэньняў будуць далучаныя каля 100 тысяч вайскоўцаў.

Паводле меркаваньня літоўскай вайсковай выведкі, вельмі імаверна, што ў сцэнары вучэньняў «Захад» будзе прадугледжаны збройны канфлікт з NATO. Частка раёнаў, у якіх будуць вучэньні, знаходзіцца каля мяжы зь Літвой, таму літоўскія службоўцы не выключаюць магчымасьці правакацыяў або інцыдэнтаў.