Аршанскія «фронтаўцы» адстаялі ноч на варце. Расейскія танкі не прыйшлі

Павал Севярынец

Некалькі сяброў аршанскай суполкі Партыі БНФ сталі ўдзельнікамі «варты», якая адсочвала, ці не перакідваюць у Беларусь дадатковыя расейскія танкі.

Актывісты дзяжурылі ў двух пунктах: на аршанскім чыгуначным вакзале і на так званым «скрыжаваньні» — гэта месца, дзе перасякаецца некалькі аўтадарог, у тым ліку маскоўская траса М1. На сувязі з добраахвотнікамі цягам усёй ночы быў Ігар Казьмярчак, рэдактар незалежнага сайту orsha.eu:

«Танкаў не заўважылі, але гатоўнасьць людзей, якія адгукнуліся на заклік Паўла Севярынца, прадэманстравала нашу беларускую салідарнасьць. Людзей было няшмат, але гэта каштоўна, калі людзі ахвяравалі сваім уласным часам, сном і адгукнуліся. Танкаў не заўважылі, аднойчы трапілі пад увагу міліцыянтаў — калі тыя заўважылі, што нейкія людзі здымаюць мяне на фоне чыгункі. Але праблем не было, мы паказалі дакумэнты і інцыдэнт быў вычарпаны. Да раніцы я вёў анлайн-трансьляцыю падзей на нашым сайце і спыніў яе ў 5.38, калі атрымаў паведамленьне ад Паўла Севярынца, што ён зьяжджае ў Менск».

Сустаршыня «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Павал Севярынец дакляраваў, што зранку апублікуе адмысловы зварот да беларусаў праз сацыяльныя сеткі. Учора ўвечары ён разам з паплечнікамі запрасіў беларусаў на «Ноч на варце» ў Воршы, каб сачыць, ці ня будуць прысланыя ў Беларусь расейскія танкі, не прадугледжаныя рэглямэнтам вучэньняў «Захад-2017». Інфармацыя пра тое, што вайсковыя падразьдзелы паднятыя па трывозе і рушылі ў Беларусь, зьявілася ўдзень 14 верасьня. Было паведамлена, у прыватнасьці, што «асабовы склад танкавага злучэньня са штатным узбраеньнем і тэхнікай ажыцьцявіў марш на чыгуначную станцыю пагрузкі і вайсковым эшалёнам будзе перакінуты ў раён вучэньняў „Захад-2017“ на тэрыторыю Рэспублікі Беларусі».

Пазьней Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што «расейскі складнік вучэньняў ужо знаходзіцца ў Беларусі і дадаткова нікога не чакаюць». Яшчэ 5 верасьня міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў, што падрыхтоўка да правядзеньня беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017» увайшла ў завяршальную стадыю, войскі ўжо разгорнутыя і «засталося завяршыць перабазаваньне авіяцыі, расейскі складнік — 27 лятальных апаратаў». Ні пра якія маршы расейскіх танкаў у Беларусь тады не паведамлялася.