Human Constanta: У Берасьці знаходзіцца ад 300 да 500 мігрантаў. Большасьць — з Чачэніі

Архіўнае фота. Чачэнскія ўцекачы на берасьцейскім вакзале, жнівень 2017 году

Беларуская праваабарончая арганізацыя Human Constanta не разлічвае, што візыт Рамзана Кадырава ў Беларусь зьменіць сытуацыю з чачэнскімі ўцекачамі ў Берасьці.

«Місія Human Constanta працуе зь людзьмі, якія зьяжджаюць з Паўночнага Каўказу і спрабуюць атрымаць прытулак у Беларусі ці краінах Эўразьвязу, едучы транзытам праз нашу краіну. Гэта грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі на законных падставах», — кажуць Свабодзе прадстаўнікі арганізацыі.

Паводле іх, асноўная праблема, зь якой сутыкаюцца праваабаронцы, — адмова польскіх памежнікаў выконваць міжнародныя правілы.

«Прыезд любых расейскіх чыноўнікаў ня зьменіць гэтай сытуацыі, — заяўляе Human Constanta. — Парушэньні правоў чалавека ў рэгіёне зьяўляюцца сыстэмнымі, і менавіта праз гэта ўсе гэтыя людзі апынулася ў Берасьці. Таму мы ня думаем, што колькасьць уцекачоў і іхнае становішча ў Беларусі зьменіцца ў нейкі бок у выніку прыезду кіраўніка Чачэнскай рэспублікі».

Праваабаронцы кажуць, што ўзмацняюць свае намаганьні ў маніторынгу сытуацыі ў Берасьці.

«Асабліва гэта датычыць магчымага зьяўленьня там людзей, якія могуць пагражаць уцекачам. Пакуль мы ня маем аніякіх падставаў меркаваць, што мясцовыя ўлады і праваахоўныя органы выпусьцяць сытуацыю з-пад кантролю», — кажуць яны.

Беларусь ня ёсьць бясьпечнай краінай

Ілюстрацыйнае фота. АМАП на менскім вакзале абшуквае людзей. 24 сакавіка 2017 году

​Праваабаронцы канстатуюць, што Беларусь не зьяўляецца бясьпечнай краінай для ўцекачоў з Расеі.

«Для іх практычна немагчыма атрымаць міжнародную абарону ў нашай краіне. Мы фіксуем выпадкі, калі Беларусь выдае праваахоўным органам РФ людзей, абвешчаных у вышук, нягледзячы на тое, што ім можа пагражаць небясьпека».

Human Constanta у камэнтары для Радыё Свабода нагадала, што міжнародныя стандарты правоў чалавека забараняюць ужываць катаваньні пры любых умовах.

«Гэтая забарона накладае на дзяржавы абавязак не высылаць любога чалавека ў трэцюю краіну, калі той чалавек абгрунтавана сьцьвярджае, што ў гэтай краіне могуць быць ужытыя катаваньні», — кажуць праваабаронцы.

Кадыраў у Беларусі

Рамзан Кадыраў, архіўнае фота

​Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў знаходзіцца з афіцыйным візытам у Беларусі 25-26 верасьня.

Апошнім часам Беларусь двойчы гучна выдавала грамадзян Расеі праваахоўным органам Чачэніі. 4 верасьня Луіза Дудуркаева, якую пачалі перасьледаваць там з падазрэньняў у «амаральных паводзінах», мела вылецець зь Менску ў Нарвэгію, дзе атрымала палітычнае прыстанішча. У выніку дзеяньняў праваахоўных органаў Беларусі яна вярнулася ў Чачэнію. 9 чэрвеня ў Чачэнскую рэспубліку быў высланы баец змяшаных адзінаборстваў Мурад Амрыеў, раней затрыманы на беларускім памежным пункце Весялоўка.

Некаторыя выпадкі застаюцца па-за ўвагай грамадзкасьці, а пацярпелыя не пагаджаюцца называць свае прозьвішчы. Праваабаронцы выказваюць занепакоенасьць, што гэтым людзям можа пагражаць небясьпека на радзіме.