10 прызнаньняў Віктара Кучынскага, які абяцаў бараніць Лукашэнку з гранатамётам

Віктар Кучынскі

Віктар Кучынскі доўгі час быў вядомай палітычнай фігурай у Беларусі. У рэйтынгу ўплыву, які рэгулярна складаўся напрыканцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў, яго імя фігуравала заўжды. Кучынскі быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі падчас першай прэзыдэнцкай кампаніі. Пасьля перамогі працаваў памочнікам прэзыдэнта па асобых даручэньнях (1994–1997 гады), дырэктарам Дэпартамэнту гуманітарнай дапамогі пры прэзыдэнце (1997-2001 гады). Быў дэпутатам парлямэнту (Вярхоўны Савет і Палата прадстаўнікоў) з 1990 па 2008 гады.

Увосень 2008 году Кучынскі надоўга зьнік з публічнага поля. Былі чуткі, што ён займаецца дамашняй гаспадаркай. Пасьля загаварылі, што Кучынскі пайшоў у бізнэс. Ніякіх інтэрвію ён не даваў. І толькі ў 2014 годзе, калі Віктар Кучынскі стаў працаваць намесьнікам генэральнага дырэктара гатэля «Менск», яго зноў згадалі ў мэдыях.

Сёньня былы палітык выконвае абавязкі кіраўніка гатэля. Дарэчы, «Менск» уваходзіць у гатэльны холдынг, якім кіруе яшчэ адна вядомая асоба — былы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі, экс-міністар прадпрымальніцтва і інвэстыцыяў Аляксандар Сазонаў.

У эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе Віктар Кучынскі зрабіў 10 цікавых прызнаньняў.

1. Мае словы пра гранатамёт вырвалі з кантэксту

«Ведаеце, дагэтуль, калі называю сваё прозьвішча, то звычайна першая рэакцыя суразмоўцы на гэта аднолькавая: вы той самы чалавек, які абяцаў з гранатамётам абараняць Лукашэнку? (Кучынскі абяцаў гэта падчас прэзыдэнцкай кампаніі 1994 года — РС) Я і сёньня не адмаўляюся ад сваіх словаў, якія сказаў падчас парлямэнцкай дыскусіі. Чамусьці ўсе запомнілі толькі гэты гранатамёт. Фактычна з майго тэксту вырвалі толькі адзін сказ. Можа, і я ў гэтым вінаваты. Бо я тады не дадаў, што гатовы абараняць з гранатамётам і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь.

Я тады меў на ўвазе абарону Лукашэнкі ня толькі як першага прэзыдэнта нашай незалежнай краіны, але і як гаранта Асноўнага закону. Проста ў запале дыскусіі я не дадаў словаў пра гаранта. Калі б я тады выказаў сваю думку больш поўна, то мяне магчыма лепей зразумелі б. Але згадайце, у якой напружанай атмасфэры вяліся тады спрэчкі.

На той момант я сапраўды баяўся гвалтоўных дзеяньняў, не хацеў праліцьця нічыёй крыві

Я не хачу гаварыць, што ў нашай краіне нічога не патрэбна мяняць. Але я прыхільнік усіх зьменаў выключна на грунце закону. Яны павінныя быць толькі мірнымі. Але на той момант я сапраўды баяўся гвалтоўных дзеяньняў, не хацеў праліцьця нічыёй крыві. За гранатамёт я ўзяўся б толькі, калі б была збройная агрэсія.

Мае прынцыпы такія: бацькоў не выбіраюць, веру не мяняюць, Радзіму не прадаюць. Я — афіцэр. І высока цаню афіцэрскі гонар. Магчыма, камусьці хочацца, каб я адрокся ад тых словаў, замітусіўся, заскакаў. Не, я ня буду гэтага рабіць».

2. З Лукашэнкам Беларусь пройдзе свой шлях з найменшымі стратамі

«Вось вы ў мяне пытаецеся: ці ёсьць у Беларусі палітык, які мог бы кіраваць краінай лепей за Лукашэнку? Адкажу на яго так: з пункту гледжаньня глябальных працэсаў менавіта яго фігура дазваляе нашай краіне прайсьці сучасны складаны шлях з найменшымі стратамі.

З пункту гледжаньня глябальных працэсаў менавіта фігура Лукашэнкі дазваляе нашай краіне прайсьці сучасны складаны шлях з найменшымі стратамі.

Я асабіста з Аляксандрам Рыгоравічам даўно не сустракаюся. І стаўлюся да гэтага спакойна і роўна. Трэба разумець, што падчас першай прэзыдэнцкай кампаніі сытуацыя была адна. Цяпер яна іншая. Побач з прэзыдэнтам павінны быць найперш высокія прафэсіяналы. А ставіць пытаньне так: я дапамагаў табе стаць прэзыдэнтам, а таму павінны быць міністрам, гэта няправільны падыход. Не павінны ён даваць усім, хто калісьці быў непадалёк ад яго, хлебныя пасады.

Я не зьбіраюся адракацца ад таго, што было. Мне абсалютна ня сорамна, што я быў даверанае асобай першага прэзыдэнта, працаваў побач зь ім. Дрэнна ці добра гэта было? Няхай адказ дадуць гісторыкі.

Ідэальных дзяржаў не бывае. А гісторыя ня мае ўмоўнага ладу, таму мы ня ведаем, як было б жыць зь іншым прэзыдэнтам».

3. Мог стаць намесьнікам міністра ўнутраных спраў

«У 2008 годзе пасьля 18 з паловай гадоў працы ў парлямэнце я задумаўся, ці варта мне зноў балятавацца ў Палату прадстаўнікоў? Я ўжо ведаў, што на выбары пойдзе старшыня Кобрынскага райвыканкаму Аляксандар Зазуля. Падумаў, можа сапраўды надышоў час сьвежага чалавека па нашай акрузе.

Вырашыў зьвярнуцца да Лукашэнкі. Ён мяне прыняў. Пасьля нашай размовы кіраўнік дзяржавы даў даручэньне Віктару Шэйману, які на той час быў дзяржсакратаром Рады бясьпекі. Даручыў яму мяне працаўладкаваць. На той час я ўжо быў палкоўнікам. Шэйман прапанаваў мне пасаду намесьніка міністра ўнутраных спраў па працы з асабовым складам і кадрах. Я папрасіў тыдзень, каб падумаць, хацеў зразумець, ці змагу без праблем працаваць на гэтай пасадзе. Вырашыў — змагу. Але так склалася, што пакуль я думаў, прэзыдэнт перавёў Шэймана на іншае месца працы. Так я ня стаў намесьнікам міністра.

А тут якраз працоўны калектыў Кобрынскага масласырзаводу зноў вылучае мяне кандыдатам у дэпутаты. І я вырашыў працягнуць кар’еру дэпутата».

4. Як я ня стаў дэпутатам шосты раз

Ніводзін дэпутат беларускага парлямэнту ня мае такога вялікага стажу, як я. Я правёў, прычым безь перапынку, у Авальнай залі 18 з паловай гадоў.

«Не бяз гонару скажу: ніводзін дэпутат беларускага парлямэнту ня мае такога вялікага стажу, як я. Я правёў, прычым безь перапынку, у Авальнай залі 18 з паловай гадоў: быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12 і 13 скліканьняў, а таксама Палаты прадстаўнікоў першых трох скліканьняў. У 2008 годзе я спрабаваў працягнуць сваю парлямэнцкую кар’еру. Аднак прайграў. Прайграў у той жа Кобрынскай акрузе, адкуль стартаваў у Вярхоўны Савет 12 скліканьня, і дзе нязьменна перамагаў на ўсіх наступных выбарах. Дарэчы, штораз яны для мяне былі альтэрнатыўнымі.

Пра тое, што ў мяне галоўным канкурэнтам быў старшыня райвыканкаму, я ўжо казаў. Ну, і, канечне. адміністратыўны рэсурс працаваў на яго. Выбарчыя ўчасткі зачыніліся а 20-й гадзіне. А ўжо праз 30 хвілін я сеў у машыну і паехаў у Менск. Вынікі сталі для мяне зразумелымі. Далей камэнтаваць сытуацыю я ня буду. Скажу так: тое, што адбылося, было не зусім правільным. Але спрачацца я ня стаў. Прыняў, тое, што адбылося, як дадзенасьць.

Ведаеце, калі я быў памочнікам прэзыдэнта, вакол мяне людзі натоўпамі круціліся. А як ня стала гэтай пасады, дык адразу вакуўм пабачыў».

5. Вялікі бізнэс з маім характарам ня зробіш

«Увосень 2008 году я фактычна апынуўся на вуліцы. Служба ў арміі скончылася. Дэпутацтва скончылася. З 2008 па 2014 гады займаўся бізнэсам. Не магу сказаць, што атрымаў ад гэтага велізарнае задавальненьне. Буйным бізнэсоўцам я ня стаў. Мая ідэалёгія і філязофія ішлі насуперак поглядам бальшыні людзей, зь якімі давялося сутыкацца. Канечне, бізнэс патрэбны. Але калі людзі дзейнічаюць у ім па прынцыпе «прыйшоў, пабачыў, ухапіў»... Мне такое не падабаецца. Гэта не маё.

Так, ёсьць Маркс са сваім знакамітым «Тавар — грошы — тавар». Але цяперашняя эканоміка істотна адрозьніваецца ад рэаліяў 19-20 стагодзьдзяў. Гісторыя пайшла па-іншаму.

А мне ўлады ніякіх скідак не давалі. Дарэчы, тры гады таму праверылі ўсю маю бізнэс-працу: ад першага да апошняга дня. Добра, што ўсе даведкі захаваліся. Пытаньняў да мяне не было».

6. Гатэльны бізнэс — таксама палітыка

«Я лічу, што былых палітыкаў не бывае. Таму і цяпер адчуваю сябе палітыкам. Толькі ў іншай сфэры. А чаму гатэльны бізнэс не палітыка? Нашай краіне патрэбная валюта. І мы яе зарабляем. Аднак, з другога боку, нашы магчымасьці залежаць ад дзяржаўнай палітыкі. Чым больш адкрытай робіцца Беларусь, тым больш замежнікаў імкнуцца да нас. Чым больш усялякіх форумаў, сэмінараў, тым больш загружаныя гатэлі. Мы ўжо адчуваем, як магчымасьць бязьвізавага рэжыму станоўча адбіваецца на нашым бізнэсе. Чэмпіянат сьвету па хакеі, сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, ды іншыя падобныя мерапрыемствы „залаты час“: і для нашага гатэлю, і для ўсёй дзяржавы.

А чаму гатэльны бізнэс не палітыка?

У мяне да гатэльнага бізнэсу ёсьць два галоўныя патрабаваньні. Першае — ён мусіць весьціся выключна ў заканадаўчых рамках. Другое — усе нашы госьці павінныя быць задаволенымі знаходжаньнем у нас.

У Беларусі шмат цікавых месцаў для турыстаў. Проста іх трэба значна лепш рэклямаваць за мяжой. Таксама як і прапаноўваць лячэбны турызм у Беларусі.

Завод, сельгаспрадпрыемства, гатэль — усе яны маюць дачыненьне да эканамічнай палітыкі Беларусі. Бо ўсе яны павінны выплачваць заробкі супрацоўнікам, накіроўваць частку прыбытку ў бюджэт».

7. Дурнем сябе не лічу

«Я хадзіў да галоўнага рэдактара адной газэты, якая пісала, што з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў у Беларусі скончыўся пэрыяд інтэлектуальнага разьвіцьця. Паклаў перад ім усе свае дыплёмы. Там адна ці дзьве тройкі. Астатнія — чацьвёркі і пяцёркі. Я ніколі нікога не прасіў, каб мне паставілі вышэйшую ацэнку, чым я заслугоўваю. Гэта праўдзівыя ацэнкі.

Гэта цяпер можна залезьці ў інтэрнэт і набраць інфармацыю. А я хадзіў у бібліятэкі

Гэта цяпер можна залезьці ў інтэрнэт і набраць інфармацыю. А я хадзіў у бібліятэкі. Заказваў неабходную літаратуру, рабіў выпіскі. Адным словам, вучыўся».

8. Сябрую з калегамі-дэпутатамі

«Я дагэтуль падтрымліваю роўныя адносіны з усімі калегамі-дэпутатамі, незалежна ад таго, якіх поглядаў яны прытрымліваюцца.

Мне ў адзін дзень могуць патэлефанаваць Генадзь Іванавіч Казлоў, які ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня кіраваў праўрадавай фракцыяй „Беларусь“, і Ёсіф Паўлавіч Сярэдзіч. Для мяне гэта абсалютна нармальна».

9. Пра дэкрэт № 3: хацелі як лепей, атрымалася як заўжды

«Пасьля распаду СССР мы ўсе жывем у іншым вымярэньні. Мы зьвяраем сваё жыцьцё найперш з курсам даляра. Так атрымалася, і гэта канстатацыя фактаў. А калі вярнуцца да савецкіх часоў. Вы можаце сабе ўявіць, каб тады нехта ня выплаціў падатак?! А ў Беларусі цяпер такіх выпадкаў, я думаю, шмат.

Калі б гэты праект гэтага дэкрэту спачатку добра прадумалі і абмеркавалі, то і не было б той рэакцыі, зь якой улады сутыкнуліся. Пры ўсіх хібах таго парлямэнту, у якім я працаваў, такога там уявіць немагчыма. Усё ж там былі і праўкі, і выключэньні з тэксту, і новыя прапановы. Я не магу сабе ўявіць, што прэзыдэнт і ўрад, прапануючы дэкрэт № 3, хацелі сацыяльных канфліктаў. Наадварот, яны, на мой погляд, робяць усё, каб іх пазьбегнуць. Але сьпешка давяла да адваротнага».

10. Пераход на партыйную сыстэму выбараў нам не патрэбны

«У прынцыпе я супраць гэтага. Узровень нашых палітычных партый яшчэ не такі, каб яны маглі выбудаваць сапраўдную партыйную сыстэму. Даваць ім зараз аванс? Ня думаю, што гэта правільна. За партыямі трэба пакінуць іх права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. А далей — няхай яны змагаюцца зь іншымі прэтэндэнтамі на агульнай аснове.

Нашы людзі дзейнічаюць па паняцьцях, а разважаюць па аўтарытэтах

Беларусь краіна ня вельмі вялікая, у ёй кожны на віду. А нашы людзі, як мне падаецца, дзейнічаюць па паняцьцях, а разважаюць па аўтарытэтах. Яны не глядзяць на тое, ці належыць кандыдат у дэпутаты да нейкай партыі. Вызначальнае для выбарнікаў ня партыя, а той чалавек, які непасрэдна прэтэндуе на месца дэпутата.

Дарэчы, я асабіста быў толькі ў адной партыі — КПСС. І больш ні ў ніякія не ўваходзіў. Згадваю сваю першую выбарчую кампанію. Я быў самавылучэнцам. Дагэтуль памятаю той сход, калі абіралі кандыдатаў у Вярхоўны Савет 12 скліканьня. 6 чалавек былі „супраць“, 3 — устрымаліся. Астатнія ўсе галасавалі за мяне. Ня думаю, што на вынік неяк паўплывала, што я знаходзіўся тады ў КПСС. Для мяне галоўнае конкурс кандыдатаў, а ня конкурс партый».

Віктар Францавіч Кучынскі нарадзіўся 2 ліпеня 1958 году ў вёсцы Забродзьдзе Жыткавіцкага раёну. Скончыў Менскі электратэхнікум сувязі, Курганскую ваенна-палітычную вучэльню, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. Мае дзьве дзяржаўныя ўзнагароды: імянную зброю з выявай Ордэна Айчыны трэцяй ступені (1997 год) і ордэн «За асабістую мужнасьць» (1999 год).