«Разгорнута мэтанакіраваная кампанія па дыскрэдытацыі Ўзброеных Сілаў», — зрабіла выснову Мінабароны

Копія экрану з сайту zvarot.by

Сайт Zvarot.by быў заблякаваны пасьля скаргі Міністэрства абароны. Гэта вынікае з паведамленьня на сайце міністэрства.

Там жа гаворыцца, што на пошту Мінабароны прыйшло шмат лістоў з аднаго электроннага адрасу, на што міністэрства паскардзіліся ў глябальны сэрвіс барацьбы з спамам SpamCop.

«На падставе паведамленьня SpamCop апавясьціў правайдэра, які ўзычыў хостынг-паслугі для сайту zvarot.by, зь якога адбывалася адпраўка паведамленьняў, у выніку чаго пазначаны рэсурс быў заблякаваны на час правядзеньня праверкі», — паведамляе Мінабароны.

На сайце zvarot.by быў аб’яўлены збор подпісаў за адстаўку міністра абароны Беларусі генэрал-лейтэнанта Андрэя Раўкова ў сувязі са сьмерцю салдата Аляксандра Коржыча ў Печах. Пад ім было сабрана некалькі тысяч подпісаў.

Паводле міністэрства, у зваротах былі пазначаны няісныя адрасы электроннай пошты, імёны, прозьвішчы і хатнія адрасы.

«Такім чынам вакол дадзенага здарэньня на падставе домыслаў і чутак разгорнутая мэтанакіраваная кампанія па дыскрэдытацыі Ўзброеных Сілаў», — робіць выснову Міністэрства абароны.

Сайт zvarot.by на момант публікацыі недаступны. Прамоўтэр ініцыятывы zvarot.by Андрэй Стрыжак на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў пра моцную атаку на сайт.