Падчас «Эўрабачаньня-2017» незаконна патрацілі 15 мільёнаў эўра

Конкурс «Эўрабачаньня-2017» у Кіеве

Дзяржаўная аўдытарская служба Ўкраіны выявіла незаконныя выдаткі падчас арганізацыі і правядзеньня музычнага конкурсу «Эўрабачаньне» ў Кіеве.

Пра гэта паведамляецца на сайце ведамства 20 кастрычніка.

У падрыхтаваным дакумэнце адзначаецца, што парушэньні на суму каля 15 мільёнаў эўра зьвязаныя зь няправільным вядзеньнем бухгалтэрыі і парушэньнямі пры правядзеньні закупак.

У прыватнасьці, выяўлены выпадкі, калі фірмы, якія выйгралі тэндэр на паслугі, але ня мелі магчымасьці іх аказаць, прыцягвалі субпадрадчыкаў за меншыя кошты. Разам з гэтым, амаль палова выдаткаваных на арганізацыю і правядзеньне конкурсу сродкаў былі накіраваныя замежным кампаніям.

Матэрыялы рэвізіі, якая праводзілася на даручэньне кіраўніка ўраду Ўкраіны, перададзеныя ў праваахоўныя органы.

Гурт Naviband

Конкурс «Эўрабачаньне-2017» праходзіў у Кіеве зь 9 па 13 траўня 2017 года. Беларусь на ім прадстаўляў гурт Naviband, ён заняў 17-е месца. Перамог Салвадор Сабрал з Партугаліі.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.