Fox News адмовіўся ад рэклямы, якая агітуе за імпічмэнт Трампа

Дональд Трамп

Амэрыканскі тэлеканал Fox News перастаў паказваць рэкляму, якая агітуе за імпічмэнт прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Як паведамляе CBS, прычынай такога рашэння стала негатыўная рэакцыя тэлегледачоў. Рэкляма тры разы зьявілася ў эфіры шоў, папулярнага сярод прыхільнікаў Трампа.

Fox News трансьляваў ролік мільярдэра і прыхільніка Дэмакратычнай партыі Тома Стаера. Рэкляма заклікала падпісаць пэтыцыю за абвяшчэньне імпічмэнту амэрыканскаму прэзыдэнту. На рэклямную кампанію Том Стаер вылучыў ня менш за 10 мільёнаў даляраў. Паводле мільярдэра, Трамп «прывёў краіну на мяжу ядзернай вайны, перашкаджаў юрыстам ФБР, а таксама пагражаў закрыць тыя СМІ, якія яму не падабаюцца».

На сайце Тома Стаера разьмешчана пэтыцыя за імпічмэнт. На канец кастрычніка яна набрала больш за мільён подпісаў. Трамп ў твітэры раскрытыкаваў ініцыятыву, а мільярдэра назваў «дуракаватым і абсалютна ненармальным» (wacky and totally unhinged).

Канстытуцыя ЗША прадугледжвае магчымасьць імпічмэнту прэзыдэнта. Для гэтага трэба сабраць большасьць галасоў у Палаце прадстаўнікоў, а затым заручыцца падтрымкай як двух трацінаў чальцоў Сэнату. У ліпені ў Кангрэс была ўнесена прапанова аб імпічмэнце, але яна не знайшла падтрымкі сярод кангрэсмэнаў. У якасьці альтэрнатывы прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі прапанавалі Кангрэсу заснаваць незалежную камісію і даручыць ёй высьветліць, ці была падчас прэзыдэнцкай кампаніі змова паміж камандай Трампа і Крамлём.