Берасьцейцу прысудзілі 460 рублёў штрафу за «Марш абураных беларусаў»

Уладзімер Дземенціюк

Жыхару Берасьця Ўладзімеру Дземенціюку прысудзілі 460 рублёў штрафу за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту, якая прайшла ў Менску 21 кастрычніка.

Судзьдзя Маскоўскага раённага суду Берасьця Руслана Сянько прызнала Дземенціюка вінаватым у парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах. У якасьці доказаў правапарушэньня на судзе былі паказаныя фота і відэа з інтэрнэту з «Маршу абураных беларусаў» 21 кастрычніка.

Як распавёў Уладзімер Дземенціюк, ён ня лічыць сябе вінаватым, а паехаў на акцыю, каб выказацца ў жывым эфіры пра ўціск, які супраць яго чыніцца:

«Я пайшоў ад безвыходнасьці. Зьдзекуюцца з маёй сям’і, мяне ўсяго пазбавілі, таму я хачу дабіцца праўды і справядлівасьці. У Менск паехаў, каб патрапіць ў жывы эфір, каб мяне пачулі людзі. А што да гэтага суду — то пастанова была гатовая загадзя».

Уладзімер Дземенціюк заяўляў хадайніцтва, каб у якасьці сьведкі на суд выклікалі Міколу Статкевіча, аднак судзьдзя адхіліла хадайніцтва.

Дземенціюк кажа, што будзе абскарджваць прысуд.

Па Менску прайшоў «Марш абураных беларусаў» супраць «падатку на дармаедаў» і дзедаўшчыны. Відэа