Міністэрства абароны Расеі праілюстравала «супрацоўніцтва ЗША і ісламскай дзяржавы» скрыншотам зь відэагульні

Міністэрства абароны Расеі апублікавала «бясспрэчнае пацьверджаньне забесьпячэньня Злучанымі Штатамі прыкрыцьця баяздольных атрадаў ісламскай дзяржавы».

У якасці адной з ілюстрацый вайскоўцы выкарыстоўвалі скрыншот з гульні AC-130 Gunship Simulator: Special Ops Squadron. Яшчэ адзін кадр запазычаны з відэа Мінабароны Іраку.

Як сьцьвярджаюць расейскія вайскоўцы, апублікаваныя імі кадры былі зробленыя 9 лістапада 2017 году і на іх патрапіла аўтамабільная калёна баевікоў «ісламскай дзяржавы», якія рухаліся з горада Абу-Кемаль ў бок сырыйска-ірацкай мяжы.

«Для бясьпечнага вываду баевікоў самалёты кааліцыі спрабавалі ствараць перашкоды ПКС Расеі — уваходзілі ў 15-кілямэтровую зону вакол Абу-Кемаль, у якой забарона на палёты самалётаў кааліцыі раней была ўзгодненая і ўхваленая Цэнтрам сумесных паветраных апэрацый у Катары», — тлумачыць расейскае Міністэрства абароны ролю амэрыканскіх вайскоўцаў у гэтай апэрацыі.

Экспэрты Conflict Intelligence Team выявілі, што адно фота, разьмешчанае ў сацыяльных сетках міністэрства абароны, узята з гульні AC-130 Gunship Simulator: Special Ops Squadron. Ролік з працэсам гульні апублікаваны на Youtube у 2015 годзе.

Яшчэ адзін кадр запазычаны зь відэа ірацкіх вайскоўцаў: у роліку паказвалася праца авіяцыі супраць баевікоў «ісламскай дзяржавы» пад аль-Фалуджай летам 2016 году.

Гульня AC-130 Gunship Simulator: Special Ops Squadron выйшла ў 2015 годзе на плятформах Android і iPhone. Гульцу прапануецца заняць месца стралка ў самалёце AC-130 Gunship і весьці агонь па цэлях на зямлі.