Суд ЭЗ прыгразіў Польшчы штрафам у 100 тысяч эўра ў дзень за высяканьне дрэваў у Белавескай пушчы

Белавеская пушча, ілюстрацыйнае фота

Калі Польшча ня спыніць высяканьне дрэваў у Белавескай пушчы, то будзе аштрафаваная на 100 тысяч эўра за дзень, гаворыцца ў пастанове суду Эўразьвязу, апублікаванай на сайце арганізацыі (PDF). Працэс супраць Польшчы ў судзе вядзе Эўракамісія.

«Польшча павінна неадкладна спыніць актыўныя апэрацыі ў кіраваньні ляснымі рэсурсамі ў Белавескай пушчы, за выключэньнем выпадкаў, калі гэта неабходна для гарантаваньня грамадзкай бясьпекі», — пастанавіў суд. Прычым Варшава павінна на працягу 15 дзён паведаміць Эўракамісіі пра высечкі дрэваў, якія мае намер працягваць зь меркаваньняў грамадзкай бясьпекі. Калі Эўракамісія палічыць, што, калі гэтая пастанова будзе парушаная, яна зможа прасіць аднавіць вядзеньне справы і суд абавяжа Польшчу выплочваць Эўракамісіі 100 тысяч эўра за дзень, пачынаючы з даты паведамленьня.

На наступны дзень пасьля пастановы суду генэральны дырэктар Дзяржаўных лясоў Польшчы Конрад Тамашэўскі заявіў, што харвэстары (лесанарыхтоўчыя камбайны) спынілі працу ў Белавескай пушчы, паведамляе польскае выданне Gazeta Prawna.

Польшча абгрунтоўвае высяканьне сухіх і хворых дрэваў у Белавескай пушчы тым, што сотні тысяч зь іх заражаныя караедам-тыпографам. Гаворка ідзе аб заражэньні лесу на плошчы 34 тысяч гектараў. Эўракамісія лічыць, што «актыўныя апэрацыі ў кіраваньні ляснымі рэсурсамі, пра якія ідзе гаворка, могуць нанесьці непапраўную і сур’ёзную шкоду навакольнаму асяродзьдзю».

«Суд адзначае, што такія наступствы могуць уяўляць сабой сур’ёзную і непапраўную шкоду інтарэсам Эўразьвязу і ягонай агульнай спадчыны», — вырашылі судзьдзі.

27 ліпеня 2017 году суд Эўразьвязу пасьля пазову Эўракамісіі да польскага ўраду пастанавіў неадкладна спыніць высяканьне дрэваў, аднак гэта рашэньне не было выканана. На думку абаронцаў прыроды, рэліктавы лес можа самастойна справіцца з натуральнымі працэсамі абнаўленьня.

Пра пачатак высечкі дрэваў у Белавескай пушчы польскія СМІ паведамілі ў траўні 2016 году.

Навукоўцы лічаць Белавескую пушчу найбольш буйным астаткам рэліктавага першабытнага лесу, які ў дагістарычныя часы рос на тэрыторыі Эўропы. Яна разьмешчаная на тэрыторыі дзьвюх дзяржаваў — Польшчы і Беларусі. У 1992 годзе Белавеская пушча ўвайшла ў сьпіс Усясьветнай культурнай спадчыны UNESCO. На наступны год яна атрымала статус біясфэрнага запаведніка.