У рэйтынгу сыстэмаў выплаты падаткаў Беларусь стаіць ніжэй за ўсе суседнія краіны

Ілюстрацыйнае фота

Сярод 190 краінаў сьвету ў рэйтынгу Paying Taxes 2018 («Падаткаабкладаньне-2018») Беларусь разьмясьцілася на 96-й пазыцыі.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні аўдытарскай кампаніі PricewaterhouseCoopers па выніках глябальнага дасьледаваньня сыстэмы падаткаабкладаньня ў 190 краінах, праведзенага групай Сусьветнага банка і PwС.

У суседзяў Беларусі пазыцыі ў рэйтынгу Paying Taxes 2018 лепш: Латвія апынулася на 13-м месцы, Літва — на 18-м, Украіна — на 43-м, Польшча — на 51-м, а Расея — на 52-м месцы.

Пры гэтым колькасьць падатковых плацяжоў у Беларусі параўнальна невялікая — 7. У Эўразьвязе гэты паказьнік у сярэднім 12, ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі — у сярэднім 16,2, у сьвеце — у сярэднім 24.

А вось сярэдняя эфэктыўная стаўка падаткаў ад прыбытку да абкладаньня падаткам складае 52,9%, у той час як у Эўразьвязе — 39,6%, а ў сярэднім па сьвеце — 40,5%. Па гэтым паказчыку Беларусь у рэгіёне Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі займае перадапошняе месца, ніжэй толькі Таджыкістан (65,2%).

У справаздачы таксама адзначаецца, што ў Беларусі зь 1 ліпеня 2016 году падаткаплатнікі былі абавязаныя стварыць электронныя рахункі-фактуры, што займае ў іх 40 дадатковых хвілінаў на справаздачы на месяц (8 дадатковых гадзінаў за год), паколькі яны мусяць ствараць неабходныя штомесячныя рахункі і загружаць іх на інтэрнэт-партал. У цэлым, паводле справаздачы, беларусы трацяць на розныя справаздачы пра падаткі 184 гадзіны за год.

У дасьледаваньні Paying Taxes за мінулы год Беларусь займала 99-ю пазыцыю ў рэйтынгу.

Дасьледаваньне падаткаабкладаньня як частка Doing Business

«Падаткаабкладаньне-2018» зьяўляецца адным са складнікаў дасьледаваньня Сусьветнага банку «Вядзеньне бізнэсу 2018» (Doing Business 2018). Паводле апошняга рэйтынгу, які характарызуе ўмовы для дзелавой актыўнасьці, Беларусь апусьцілася з 37-га на 38-е месца сярод 190 краінаў.

Пры падрыхтоўцы дасьледаваньня «Падаткаабкладаньне-2018» аналізаваліся ўсе абавязковыя падаткі і ўнёскі, якія кампанія (як прадстаўнік сярэдняга бізнэсу) павінна заплаціць на працягу адпаведнага году, а таксама практычныя аспэкты такіх выплат.

Аналізаваныя падаткі і зборы ўключаюць у тым ліку падатак на прыбытак прадпрыемстваў, зборы па сацыяльным страхаваньні і падаткі на прыбытак наёмных работнікаў, падаткі на маёмасьць, а таксама іншыя падаткі, якія прымяняюцца да кампаніі-прадстаўніка сярэдняга бізнэсу ў кожнай краіне.

Аўдытарская кампанія PricewaterhouseCoopers удзельнічае ў падрыхтоўцы дасьледаваньня на працягу апошніх 12 гадоў на бязвыплатнай аснове.