Рэдактара барысаўскай газэты аштрафавалі за інфармацыю пра Марш абураных беларусаў

Суд Барысаўскага раёну аштрафаваў на 15 базавых велічыняў (345 рублёў) рэдактара газэты «Борисовские новости» Анатоля Букаса за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Падставай для адміністрацыйнай справы стала інфармацыя, зьмешчаная ў артыкуле «Рассерженные люди выйдут на площадь» (№ 40 (1324) ад 4 кастрычніка 2017 году).

«Відэаролік заканчваецца заклікам паўдзельнічаць у чарговым Маршы абураных беларусаў 2.0, які плянуюць правесьці лідэры Беларускага нацыянальнага кангрэсу 21 кастрычніка а 14-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску», — цытавалася публікацыя газэты ў ранейшым папярэджаньні Мінінфармацыі.

Кампанія «Букас мэдыя-цэнтар» была абвінавачаная ў парушэньні артыкула 38 закону «Аб сродках масавай інфармацыі» — «Інфармацыя, распаўсюд якой у сродках масавай інфармацыі забаронены». Анатоль Букас віны не прызнаў і мае намер абскардзіць вырак у абласным судзе.

20 лістапада Міністэрства інфармацыі вынесла газэце пісьмовае папярэджаньне, падпісанае кіраўніком ведамства Аляксандрам Карлюкевічам. Ён запатрабаваў выправіць парушэньні цягам васьмі дзён.