Міністар абароны Польшчы заявіў, што ёсьць доказы выбухаў на борце самалёта Качыньскага

Антоні Мацярэвіч заявіў, што былі знойдзеныя доказы, якія сьведчаць пра два выбухі на борце прэзыдэнцкага самалёта Ту-154М.

Міністр абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч заявіў, што падчас працы прызначанай ім камісіі па расьсьледаваньні смаленскай катастрофы былі знойдзеныя доказы, якія сьведчаць пра два выбухі на борце прэзыдэнцкага самалёта Ту-154М. Прэзыдэнцкі лайнэр разьбіўся 10 красавіка 2010 года пад Смаленскам. У авіякатастрофе загінула 96 асобаў, у тым ліку прэзыдэнцкая пара.

Антоні Мацярэвіч абвінаваціў папярэднюю камісію, якая займалася расьсьледаваньнем смаленскай катастрофы, у фальсыфікацыі дадзеных. Паводле яго, камісія пры папярэдняй уладзе спрабавала не дапусьціць распаўсюджваньня вэрсіі выбуху.

«Мы маем экспэртызу, яна захавалася ў матэрыялах камісіі Мілера (папярэдняя камісія — РС). І мы можам пацьвердзіць, што відавочным чынам былі ідэнтыфікаваныя два выбухі. Яны дакладна апісаныя: іх дыямэтар і месца ўзьнікненьня», — сказаў палітык у эфіры Польскага радыё.