У Каліфорніі ўтварыліся велізарныя чэргі па рэкрэацыйную марыхуану

Пасьля таго, як зь 1 студзеня ў амэрыканскім штаце Каліфорнія стала легальным спажываньне марыхуаны з рэкрэацыйнай мэтай (гэта значыць проста дзеля адпачынку), ля ліцэнзаваных крамаў, якія прадаюць канабіс, у штаце ўтварыліся доўгія чэргі. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Чакаецца, што агульны аб’ём продажаў у індустрыі рэкрэацыйнай марыхуаны за некалькі гадоў дасягне 7 мільярдаў даляраў.

«Каліфорнія ўжо шосты амэрыканскі штат, у якім дазволены продаж рэкрэацыйнай марыхуаны. Гэты штат і самы вялікі па колькасьці насельніцтва ў ЗША. Легалізацыя рэкрэацыйнай марыхуаны тут успрымаецца як значны крок на шляху да станаўленьня марыхуаны як прымальнага для грамадзкасьці складніка побыту», — паведамляе тэлеканал CNN.

У Каліфорніі любы чалавек, старэйшы за 21 год, можа легальна вырошчваць абмежаваную колькасьць марыхуаны або валодаць ёю.

Нягледзячы на легалізацыю продажу рэкрэацыйнай марыхуаны ў асобных штатах ЗША, фэдэральны ўрад усё яшчэ лічыць абарачэньне і спажываньне гэтага рэчыва супрацьзаконным нават зь лекавымі мэтамі.

Тым, хто наведвае Каліфорнію, варта памятаць, што марыхуану нельга перавозіць з аднаго штату ў іншы або праносіць на борт самалёта і г.д.