7 галоўных спосабаў стварыць рэкордную яўку на мясцовых выбарах

Датэрміновае галасаваньне на выбарчым участку, які месьціцца ў 8-м корпусе БНТУ ў Менску. 13 лютага 2018 году

Паводле афіцыйных дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, за два дні датэрміновага галасаваньня такой магчымасьцю скарысталіся звыш 11% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі зьвязваюць такія рэкордна высокія тэмпы з фальшаваньнем рэальных зьвестак.

Кампанія «Права выбару» на сваім сайце вядзе онлайн-стужку парушэньняў выбарчага заканадаўства. Свабода вылучыла найбольш характэрныя зь іх.

1. Зьяўленьне на выбарчых участках асобаў, якія ня маюць дачыненьня да галасаваньня

«У Вішнявецкай акрузе № 40 на ўчастку № 152, дзе выбіраюць дэпутатаў Магілёўскага гарсавету, назіральнік заўважыў староньніх, якія ня ўдзельнічаюць у працэсе галасаваньня».

2. Парушэньне правілаў захаваньня скрыняў для бюлетэняў

«У Задняпроўскай акрузе № 21 на ўчастку № 14, дзе выбіраюць дэпутатаў Віцебскага абласнога савету, памяшканьне, у якім захоўваецца скрыня для датэрміновага галасаваньня, не апячатваецца».

3. Немагчымасьць бачыць працэс галасаваньня

«У Чкалаўскай акрузе № 18 на ўчастку № 6, дзе выбіраюць дэпутатаў Віцебскага гарсавету, зь месца назіраньня не відаць кабіны для галасаваньня і практычна не відаць сталы для выдачы бюлетэняў. На просьбу назіральніка зьмяніць сытуацыю старшыня камісіі адказаў адмовай. Па гэтым факце накіраваная скарга».

4. Адмова даць зьвесткі пра выбары

«У Слонімскай раённай акрузе № 14 на ўчастку № 10 старшыня камісіі Юнга Тацьцяна Сямёнаўна адмовілася даваць дадзеныя пра колькасьць выбарнікаў на ўчастку. Па факце пададзеная скарга».

5. Прымус да датэрміновага галасаваньня

«У Захараўскай акрузе № 14 на ўчастку № 66 сябра камісіі Купраш, якая таксама зьяўляецца камэндантам інтэрнату, прымушала да датэрміновага галасаваньня жыхароў інтэрнату».

Студэнтаў гоняць галасаваць датэрмінова. Што пра гэта твіцяць

Студэнты БНТУ галасуюць датэрмінова

6. Выдача бюлетэняў безь неабходных дакумэнтаў

«У Слонімскай раённай акрузе № 19 на ўчастку № 7 выбарніку быў выдадзены бюлетэнь для галасаваньня без прад’яўлення ім пашпарта. Па факце пададзеная скарга».

7. Забарона назіральнікам рабіць здымкі

«У Альшанскай акрузе № 13 на ўчастку № 105, дзе выбіраюць дэпутатаў Горадзенскага абласнога савету, старшыня камісіі Пятрова Аксана Анатолеўна забараніла назіральнікам рабіць здымкі на ўчастку».

У кампанію назіраньня за выбарамі «Права выбару» ўваходзяць прадстаўнікі васьмі структураў — Абʼяднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай партыі «Зялёныя», партыі БНФ, аргкамітэтаў партыі БХД і Партыі свабоды і прагрэсу, прафсаюзу РЭП, руху «За свабоду».

Назіральнікі канстатуюць рэкорднае разыходжаньне яўкі выбарнікаў з афіцыйнымі дадзенымі на мясцовых выбарах