12 чалавек затрыманыя за махлярства на мільёны эўра пры закупках мэдтэхнікі

Мэдычнае абсталяваньне, ілюстрацыйнае фота

Махлярствы з закупкамі мэдычнай тэхнікі за бюджэтныя сродкі на мільёны рублёў выкрылі супрацоўнікі галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) Міністэрства ўнутраных спраў.

Апэратыўныя мерапрыемствы праводзіліся для праверкі інфармацыі пра хабарніцтва і злоўжываньне ў сыстэме аховы здароўя, паведамілі ў прэс-службе МУС.

«Шляхам падмены таварасуправаджальных дакумэнтаў зламысьнікі павялічвалі кошт мэдтэхнікі замежнай вытворчасьці і праз падкантрольныя кампаніі (зарэгістраваныя ў Беларусі, Эстоніі і Вялікабрытаніі) ажыцьцяўлялі іх пастаўку для мэдустановаў нашай краіны», — гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле МУС, у 2014 годзе ў выніку выкананьня дамовы на пастаўку тэхнікі коштам 7 мільёнаў эўра для анкалягічнага дыспансэру ўдзельнікі схемы на пасярэдніцкіх паслугах зарабілі 4 мільёны эўра.

Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі 12 арганізатараў і ўдзельнікаў схемы закупкі мэдтэхнікі за бюджэтныя сродкі. Паведамляецца, што затрыманыя — жыхары Менску. Ці былі сярод іх супрацоўнікі мэдычных установаў невядома, начальнік кіраваньня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Георгі Яўчар адмовіўся ад камэнтароў.

Падчас вобшукаў былі канфіскаваныя «буйныя сумы замежнай валюты», транспартныя сродкі прэміюм-клясы, накладзены арышт на кватэры і катэджы. Удзельнікі схемы пакрылі дзяржаве шкоду памерам паўтары мільёны эўра, гаворыцца ў паведамленьні.

Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Сьледчага камітэту Беларусі распачало ў дачыненьне да ўдзельнікаў арганізаванай групы крымінальную справу паводле крымінальнага артыкулу 209.4 «Махлярства».