Суд над «беларускім шпіёнам»: адвакаты не прыйшлі, суд перанесьлі

Чарнігаўскі раённы суд Чарнігаўскай вобласьці зноў перанёс падрыхтоўчае паседжаньне ў справе грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, які абвінавачваецца ў зборы сакрэтнай інфармацыі на карысьць замежнай дзяржавы.

Сёньня на паседжаньне суду зноў не зьявіліся ягоныя адвакаты.

«На цяперашняй стадыі разгляду справы суд мае разгледзець, ці адпавядае абвінаваўчы акт крымінальнаму працэсуальнаму заканадаўству Ўкраіны і ці выканаў пракурор патрабаваньні закону пры яго зацьвярджэньні», — паведаміў Свабодзе адвакат Тарас Герэлюк.

Маці «беларускага шпіёна», арыштаванага ў Чарнігаве: «Ня веру, што сын працаваў на КДБ»

Паводле абаронцы, заканадаўства не прадугледжвае для суда канкрэтныя тэрміны, пасьля завяршэньня якіх суд мусіць пачаць разгляд справы па сутнасьці. На падрыхтоўчых паседжаньнях суд таксама мае разгледзець, ці ёсьць падставы для закрыцьця крымінальнай справы.

У той жа час Тарас Герэлюк адмовіўся камэнтаваць магчымы абмен Юрыя Палітыкі на ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку, які затрыманы ў Беларусі таксама паводле абвінавачаньня ў шпіянажы: «Я нічога ня ведаю пра гэтую справу, таму нічога не магу сказаць».

На мінулым паседжаньні суд падоўжыў да 14 красавіка знаходжаньне Юрыя Палітыкі пад вартай.

Юры Палітыка быў затрыманы летась у чэрвені на памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы з Беларусьсю. Пад час затрыманьня ў ягоным тэлефоне быў знойдзены зашыфраваны файл з мапаю разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм». За паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.

«Шукаў кантактаў зь беларусамі і хацеў служыць у войску». Сьвятар з Чарнігава распавядае пра Юрыя Палітыку

Справа супраць беларуса была адкрытая на падставе заявы вайскоўца Дзьмітрыя Острыка, які цяпер знаходзіцца ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе. Паводле Юрыя Палітыкі, ён пазнаёміўся з Дзьмітрыем Острыкам у грамадзкай арганізацыі «Поўнач», якая дапамагала памежнікам ахоўваць дзяржаўную мяжу Ўкраіны. Беларус хацеў працаваць валянтэрам у гэтай арганізацыі.