Больш за 20 тысяч подпісаў сабрана пад пэтыцыямі ў абарону маршрутак

Больш за 23 тысячы подпісаў сабрана пад пэтыцыямі ў абарону «нерэгулярных» перавозчыкаў. Зьбіраць подпісы за ўнясеньне паправак у абноўлены Закон «Аб аўтамабільных перавозках» пачалі неўзабаве пасьля таго, як 23 лютага ён уступіў у сілу.

Аўтары пэтыцый: Міністэрства транспарту і камунікацый манапалізуе пасажырскія перавозкі

Аўтары пэтыцыі на сайце petitions.by, падтрыманай 16 тысячамі подпісаў, заяўляюць, што Міністэрства транспарту і камунікацый сваімі ініцыятывамі імкнецца манапалізаваць пасажырскія перавозкі, пазбавіўшы працы індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць па «нерэгулярных напрамках». Маршрутнікі лічаць, што дзеяньні міністэрства прывядуць да каляпсу, бо ў вакзалаў недастаткова транспарту.

Аналягічную пэтыцыю на сайце change.org падпісалі больш як шэсьць тысяч наведнікаў.

Яшчэ адну пэтыцыю на сайце petitions.by, якою патрабуюць унесьці ў закон папраўкі, якія б «не перашкаджалі працаваць», падтрымалі подпісамі больш як паўтары тысячы карыстальнікаў інтэрнэту.

Бабруйскія маршруткі трэція суткі бастуюць

Трэція суткі не выяжджаюць на лініі кіроўцы міжгародніх маршрутак у Бабруйску. У буйных гандлёвых цэнтрах гораду перавозчыкі зьбіраюць подпісы пад зваротам да Лукашэнкі, каб вярнулі ранейшую сыстэму працы. За два дні зварот падпісалі больш за пяць тысяч бабруйцаў.

«Нам нічога больш не застаецца, акрамя як пратэставаць, бо ў нас забіраюць працу. Народ на нашым баку, таму спадзяёмся, што сытуацыю ўдасца зьмяніць у лепшы для нас бок», — сказаў адзін з тых, хто зьбірае подпісы.

Часова прыпыненыя рэйсы індывідуальных перавозчыкаў і кампаній з Бабруйску ў Магілёў і ў Менск. На аўтавакзале запэўніваюць, што панікі ў пасажыраў няма. Пушчаныя дадатковыя рэйсы дзяржаўных аўтобусаў.

Прыватныя перавозчыкі кажуць, што колькасьць пасажыраў значна ўзрасьце ў перадвыходныя і пасьлявыходныя дні. Па словах маршрутнікаў, «яны пакажуць, ці спраўляюцца дзяржаўныя арганізацыі з забесьпячэньнем транспартам ахвотных выехаць».

Пасажырка падпісвае зварот маршрутнікаў да Лукашэнкі

Супрацоўнікі аўтавакзалаў: пасажыры азлобленыя

У іншых гарадах вобласьці таксама некаторыя пасажырскія кампаніі і індывідуальныя перавозчыкі прыпынілі працу. Большасьць, аднак, усё ж рызыкуюць выпраўляцца ў рэйс — спадзеючыся, што транспартная міліцыя не наважыцца, пакуль такая няпэўнасьць, выяжджаць у рэйды.

Супрацоўнікі аўтавакзалаў у райцэнтрах наракаюць на пасажыраў, што тыя «сталі дужа азлобленымі».

«Яны вінавацяць нас, што мы ў маршрутнікаў забіраем іх бізнэс. Але чаму яны не ідуць выказваць незадаволенасьць у райвыканкам?» — паскардзіліся работнікі Горацкага аўтобуснага тэрміналу.

Транспартная інспэкцыя: пакуль не ўжываем жорсткіх захадаў

Намесьнік начальніка філіялу транспартнай інспэкцыі па Магілёўскай вобласьці Міхаіл Няхіпаў, словы якога падае мясцовая прэса, кажа, што дзейнасьць «нерэгулярнікаў» па ўступленьні ў сілу абноўленага закону аб аўтамабільных перавозках падпадае пад санкцыі Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях супраць незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці.

«Пакуль кантрольныя органы не ўжываюць жорсткіх захадаў да парушальнікаў, усё ж на вырашэньне арганізацыйных момантаў патрэбны час, — кажа ён. — Аднак хутка сытуацыя зьменіцца: да адказнасьці будуць прыцягвацца тыя, хто працуе па-за межамі прававога поля».

Мінтранс пра зьмены ў законе аб аўтаперавозках: «Выціскаць з рынку прыватнікаў не зьбіраемся»

Сутнасьць праблемы

Прыватныя міжгароднія маршруткі зьявіліся ў Беларусі на пачатку 2000-х. Арганізатары «нерэгулярных аўтамабільных перавозак пасажыраў» павінны былі мець ліцэнзію, пасьведчаньне аб дзяржрэгістрацыі ды касавы апарат, але ня мусілі ўзгадняць расклад зь дзяржорганамі. Зь цягам часу прыватнікі ці ня цалкам выціснулі дзяржаўных апэратараў ды перамясьціліся з вакзалаў у розныя пункты.

Паводле новага закону дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней маршрутчыкі, як і таксісты, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі.

Цяпер перавозчыкі мусяць:

заключаць дамовы на ажыцьцяўленьне рэгулярных перавозак зь «Менаблпасажыртрансам» (або з адпаведнымі структурамі ў іншых абласьцях) — перайсьці да адзінага апэратара «Менаблаўтатранс»;

• забіраць пасажыраў толькі ва ўстаноўленых месцах (на вакзалах);

• езьдзіць па вызначаным маршруце;

• спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках;

• распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў;

• вызначыць колькасьць рэйсаў па маршруце;

• плаціць за паслугі апэратару аўтамабільных перавозак і аўтавакзалу.

Перавозчыкам, якія ня выканаюць гэтых патрабаваньняў, пагражаюць санкцыі, кажуць у Мінтрансе.

Кіроўцы прыватных міжгародніх маршрутак б’юць трывогу, што новыя патрабаваньні могуць пакінуць іх бяз працы. Дзяржава адказвае, што пра зьмены было вядома даўно, а тыя, хто цяпер абураецца, нічога не зрабілі, каб унармаваць сваю «незаконную дзейнасьць».

Як у рэгіёнах рэагуюць на «нармалізацыю» міжгародніх маршрутак