Што трэба ведаць пра недахоп жалеза

Недахоп жалеза ў арганізьме ці жалезадэфіцытная анэмія, зьяўляецца вельмі распаўсюджанай зьявай. Прычыны яе разьвіцьця адрозьніваюцца ў мужчын і жанчын.

Прычыны

У першым выпадку недахоп жалеза ўзьнікае ў выніку хваробаў, якія суправаджаюцца няхай і невялікім, але кровацячэньнем пры паталёгіі страўнікавага тракту — язьвеннай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі, паліпах тоўстай кішкі, з павялічаных гемараідальных вузлоў, а таксама пры пухлінах розных месцазнаходжаньня.

Асноўная прычыны анэміі — унутраныя кровацячэньні

У жанчын прычынай анэміі звычайна зьяўляецца таксама кровацячэньне, але ў выніку захворваньняў рэпрадуктыўнай сыстэмы, калі зьяўляюцца празьмерныя выдзяленьні падчас месячных, а таксама пры рознай паталёгіі маткі.

У выніку жаночай паталёгіі, якая ў некаторых выпадках зьяўляецца сьледзтвам вялікай колькасьці абортаў і родаў, якія працякаюць з ускладненьнямі, менавіта жанчыны прыходзяць да 45-50 гадоў са значным дэфіцытам жалеза. Ён можа мець прыхаваны характар або праяўляцца празь зьніжаны ўзровень гемаглябіну і эрытрацытаў.

Як выяўляецца праблема

Калі ў чалавека выяўляецца жалезадэфіцытная анэмія падчас аналізу крыві з пальца, гэта сьведчыць пра далёка зайшоўшую фазу недахопу жалеза.

Сам гэты недахоп праяўляецца спачатку ў тым, што зьніжаецца колькасьць жалеза ў так званых дэпо — спэцыяльных месцах ў тканках, дзе яно назапашваецца. І шляхам лябараторнай дыягностыкі гэта можна выявіць, напрыклад, пры зьніжэньні такога паказчыка як фэрытын.

Як лячыць анэмію

Мы хацелі бы найперш параіць не займацца «самадзейнасьцю» у лячэньні, а зьвярнуцца да лекара, які прызначыць неабходную тэрапію прэпаратамі жалеза.

жалеза хоць і знаходзіцца ў розных прадуктах, але дрэнна ўсмоктваецца ў страўнікавым тракце

Лячэньне анэміі — гэта вельмі нялёгкая справа, бо яна досыць працяглая. Нават лёгкая анэмія лечыцца ня менш чым некалькі месяцаў; патрабуе пільнага і дасьведчанага разьліку дазіроўкі прэпаратаў жалеза. Гэтыя лекі маюць пэўныя пабочныя эфэкты, якія таксама патрабуюць лекарскага разуменьня і часам нават умяшаньня.

Яшчэ адна рыса, якая сьведчыць пра цяжкасьць лячэньня анэміі, палягае ў тым, што жалеза хаця і знаходзіцца ў пэўнай колькасьці ў розных прадуктах, але яно дрэнна ўсмоктваецца ў страўнікавым тракце. Жалеза існуе ў так званай гемавай форме, якая ўсмоктваецца на 40 — 50%, і нягемавай форме, у якой амаль не трапляе ў арганізм (толькі на 3-5%).

Гемавае жалеза ў большай колькасьці знаходзіцца ў пячонцы, ялавічыне, у меншай ступені ў курыным мясе, рыбе, тварагу; нягемавае жалеза знаходзіцца ў садавіне і гародніне, але, як мы ўжо ведаем, амаль не ўсмоктваецца.

Наколькі дзейсная дыета

Калі ў чалавека няма страты жалеза празь якую-небудзь хваробу, якая суправаджаецца кровацячэньнем, то празь ежу арганізм атрымоўвае неабходную колькасьць гэтага рэчыва.

Дзённая патрэба ў жалезе ў дарослых знаходзіцца ў межах 1 — 2 мг, а звычайнае штодзённае харчаваньне здольнае забясьпечыць арганізм жалезам у колькасьці ад 5 да 15 мг.

Але калі чалавек мае хваробу, якая вядзе да страты жалеза, то толькі празь ежу аднавіць яго колькасьць немагчыма, патрэбна ўвядзеньне жалеза праз лекавыя сродкі.

Падсумаваньне

Прыхаваны дэфіцыт жалеза ў арганізьме ці адкрыты яго недахоп, які праяўляецца жалезадэфіцытнай анэміяй, разьвіваецца ў выпадку, калі ў чалавека ёсьць хвароба, якая вядзе да кровацячэньняў.

Пры жалезадэфіцытнай анэміі ня трэба займацца самалячэньнем і самастойны прымаць пілюлі з жалезам, бо схему тэрапіі павінен распрацаваць лекар, пры гэтым яна павінна быць досыць працяглай.

толькі праз дыету вылечыць жалезадэфіцэтную анэмію немагчыма, бо паступленьне жалеза ў гэтым выпадку будзе недастатковым, каб аднавіць яго дэфіцыт

У лячэньні анэміі важным зьяўляецца ня толькі паляпшэньне паказчыкаў чырвонай крыві, але і аднаўленьне яго запасаў у дэпо. Разабрацца ў тым, ці дасягнуты посьпех у лячэньні анэміі, можа толькі лекар.

Таксама трэба мець на ўвазе, што толькі праз дыету вылечыць жалезадэфіцэтную анэмію немагчыма, бо паступленьне жалеза ў гэтым выпадку будзе недастатковым, каб аднавіць яго дэфіцыт. Але ўжываць прадукты, у якіх шмат менавіта гемавага жалеза, безумоўна трэба, бо гэта будзе садзейнічаць прафіляктыцы жалезадэфіцытнай анэміі.

Праблеме прафіляктыкі дэфіцыту жалеза і ў Беларусі, і ў сьвеце надаецца шмат увагі. Сусьветная арганізацыя аховы здароўя распрацавала праграму так званай фартыфікацыі, калі пры наяўнасьці спэцыяльных паказаньняў жалезам узбагачаюцца тыя ці іншыя прадукты харчаваньня.