Тайскі суд часткова апраўдаў Лэсьлі і Рыбку

Анастасія Вашукевіч (Насьця Рыбка)

Суд тайскага курортнага гораду Патая апраўдаў выхадцаў зь Беларусі Аляксандра Кірылава (вядомага як Алекс Лэслі), Анастасію Вашукевіч (Насьцю Рыбку) і яшчэ шэсьць расейцаў і беларусаў, арыштаваных за правядзеньне нелегальнага «сэкс-трэнінгу», у справе аб незаконнай прадпрымальніцкай і працоўнай дзейнасьці на тэрыторыі Тайлянду, паведаміла расейскае агенцтва «Новости» са спасылкай на адваката Сатхапхона Сіётху.

«Яны па-ранейшаму падлягаюць дэпартацыі ў краіны грамадзянства, аднак пакінуць Тайлянд пакуль не змогуць, бо ў іх дачыненьні ідзе сьледзтва па справе аб арганізацыі паслуг сэксуальнага характару ў складзе злачыннай групы», — цытуюць «Новости» адваката.

Беларускі консул наведаў Насьцю Рыбку і іншых затрыманых беларусаў у тайляндзкай турме

Паводле інфармацыі прэс-службы МЗС, цяпер у Тайляндзе адбываюць пакараньне 7 грамадзян Беларусі за махлярства з банкаўскімі картамі і двое, затрыманых у лютым у Патаі, чакаюць рашэньня суда па абвінавачваньні ў незаконнай працоўнай дзейнасьці на тэрыторыі Тайлянду.

Анастасія Вашукевіч, Аляксандар Кірылаў і яшчэ 7 чалавек былі затрыманыя ў Патаі ў канцы лютага паводле абвінавачаньня ў незаконнай дзейнасьці — паводле дадзеных уладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу на працу ў Тайляндзе.

Насьця Рыбка (Анастасія Вашукевіч) і Алекс Лэсьлі (Аляксандар Кірылаў) падчас перавозкі ў турму. Тайлянд, 28.02.2018

Насьця Рыбка стала вядомая пасьля расьсьледаваньня апазыцыянэра Аляксея Навальнага аб магчымых карупцыйных сувязях мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі. Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насьця Рыбка. Пазьней яна расказала аб тым, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі ў сваёй кнізе і сацыяльных сетках.

Што вядома пра Насьцю Рыбку — бабруйскую «сэкс-паляўнічую», якая здала расейскага алігарха

Пасьля затрыманьня ў Тайляндзе Вашукевіч зьвярнулася па дапамогу да амэрыканскіх спэцслужбаў. Яна заявіла пра гатоўнасьць расказаць нейкія падрабязнасьці аб умяшаньні Крамля ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе, сьцьвярджаючы, у прыватнасьці, што ў яе ёсьць некалькі гадзін запісаў перамоваў Дзерыпаскі, які ў свой час супрацоўнічаў з Полам Манафортам — былым начальнікам штабу кампаніі Дональда Трампа.