Паўднёвая Карэя адключыла дынамікі на мяжы з КНДР

Улады Паўднёвай Карэі адключылі дзясяткі дынамікаў на мяжы з КНДР, якія рэгулярна трансьлявалі розныя перадачы — ад паўднёвакарэйскай поп-музыкі да крытыкі на адрас кіраўніцтва Паўночнай Карэі.

На думку Сэулу, спыненьне трансьляцыі будзе спрыяць посьпеху прызначаных на пятніцу перамоваў на найвышэйшым узроўні.

Пакуль невядома, ці прыме такое самае рашэньне адключыць свае дынамікі, таксама разьмешчаныя на мяжы, Пхеньян.

Дынамікі на мяжы паміж дзьвюма краінамі працуюць ад часоў Карэйскай вайны. У 2004 годзе ў рамках дамовы паміж Сэулам і Пхеньянам трансьляцыі былі спыненыя і аднавіліся праз 11 гадоў.

27 красавіка ў рамках саміту ў вёсцы Панмунджом мае адбыцца сустрэча паміж лідэрамі КНДР і Паўднёвай Карэі Кім Чэн Ынам і Мун Чжэ Інам.

У чэрвені мае адбыцца сустрэча паміж лідэрам КНДР і прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.