«Або мы мяняем краіну, або я зьяжджаю». Рэпартаж з паралізаванай пратэстамі Армэніі

Ровары і матацыклы гэтымі днямі — адзіны транспарт, якім можна перасоўвацца па Армэніі. У краіне перакрытыя большасьць аўтамабільных дарог, чыгунка, у Ерэване рух цалкам спыніўся. Дарога ў аэрапорт таксама заблякаваная. Карэспандэнт беларускай Свабоды Антон Трафімовіч перадае з ахопленай пратэстамі краіны.

Пратэст як усенародны фэст

Людзі перакрываюць рух роўна ў прызначаны час — а 8-й раніцы

«Прабачце, што псуем вам адпачынак, але гэта дзеля freedom», — кажа жыхар Ерэвану, які тлумачыць, дзе можна знайсьці роварны пракат.

Сёньня, 2 траўня, па Армэніі немагчыма перасоўвацца. Нікол Пашыньян, кіраўнік пратэстаў у Армэніі, заклікаў грамадзян да татальнага страйку.

Маючы досьвед пратэстаў, армяне заблякавалі рух ува ўсёй краіне. Перакрытыя большасьць вуліц Ерэвану, дарога ў аэрапорт, галоўная траса з Армэніі ў Грузію. Не працуюць чыгунка і мэтро. Нават дарога ў галоўны аэрапорт краіны Звартноц заблякаваная: 12 кілямэтраў да гораду можна праехаць толькі часткова. Сэрвісы онлайн-таксі недаступныя. Увогуле ніякі транспарт не працуе.

Дабрацца з аэрапорту да гораду сёньня можна было толькі пешкі

8.30 раніцы. Скрыжаваньне цэнтральных вуліц Мэсропа Маштоца і Пушкіна. З абодвух бакоў вуліц падыходзяць людзі са сьцягамі Армэніі і сядаюць проста на пешаходны пераход. Квартал за кварталам блякуюць усе скрыжаваньні гораду. Паліцыя ніяк ня ўмешваецца.

Асаблівасьць новага армянскага пратэсту — у ягонай дэцэнтралізацыі. Пратэстуюць у сваіх гарадзкіх раёнах, выходзячы на скрыжаваньні. Неканечне ехаць у цэнтар.

Армянскі пратэст нагадвае ўсенародны фэст. Вось скрыжаваньне, заблякаванае старажытнай «Волгай» і дарагім Jaguar. З калёнак грае народная музыка, каля машын танцуюць людзі.

Пратэстоўцы на плошчы Рэспублікі

Вось студэнты гуляюць у валейбол, а вось маладыя людзі перапасоўваюцца футбольным мячом. Сем’і з малымі дзецьмі і вазочкамі таксама ладзяць пікнікі пасярод вуліц. Невялікія завулкі перакрываюць бакамі для сьмецьця, лаўкамі ці ламаччам. Каля кожнага скрыжаваньня дзяжураць людзі, якія прапускаюць толькі хуткую дапамогу. Гэта не прадстаўнікі партыяў ці рухаў — усё гэта самаарганізацыя.

«У нас сёньня ніхто не працуе, ніхто ня вучыцца», — кажа малады хлопец, ахінуты сьцягам Армэніі.

У такой сытуацыі рухацца па горадзе магчыма толькі роварам ці матацыклам. Але знайсьці вольны ровар цяжка — шмат у якіх сэрвісах пракату абсалютна ўсё разабралі празь мітынгі.

Намётаў няма. Пратэставаць ходзяць як на працу

На плошчу выходзілі вайскоўцы, мэдыкі. А сёньня — мамы з вазкамі

Пратэст-фэст у Армэніі цягнецца чацьвёрты тыдзень. 31 сакавіка дэпутат армянскага парлямэнту Нікол Пашыньян пайшоў пешкі з другога па велічыні гораду Армэніі Гюмры ў Ерэван. Нешматлюдны ад пачатку марш, зь якога многія кпілі, перарос у самыя масавыя за гісторыю незалежнай Армэніі акцыі пратэстаў. Ад 12 красавіка, калі ўпершыню быў перакрыты праспэкт Маштоца ў Ерэване, у краіне не аціхаюць дэманстрацыі.

Нават айцішнікі маюць сваю суполку і ходзяць на пратэсты разам

«Можа толькі ў канцы 1980-х было такое», — кажа 82-гадовы жыхар Ерэвану Рафаэль падчас мітынгу на плошчы Рэспублікі ў цэнтры сталіцы. Ён удзельнічаў ува ўсіх масавых акцыях апошніх гадоў, але ня можа прыгадаць нічога сувымернага цяперашнім пратэстам.

Посьпех Пашыньяна ў ягонай тактыцы. Раней пратэстоўцы зьбіраліся на адной плошчы і разьбівалі там намётавыя лягеры. Цяпер у Ерэване намётаў няма. Пратэставаць ходзяць як на працу. У Telegram, «УКантакце» і Facebook поўна групаў, дзе людзі самі вырашаюць, дзе і калі яны будуць перакрываць вуліцы.

«Нават айцішнікі маюць сваю суполку і ходзяць на пратэсты разам», — кажа 35-гадовы Гайк Залібэк’ян.

Як і большасьць пратэстоўцаў, ён не належыць ні да якой палітычнай партыі. Ён проста моцна сымпатызуе Пашыньяну і верыць, што гэты чалавек зможа зьмяніць краіну.

«Або мы гэта робім і атрымліваем шанец жыць у лепшай краіне, або я адсюль зьяжджаю», — кажа Гайк.

За адзін месяц Нікол Пашыньян ператварыўся ў нацыянальнага героя Армэніі. За апошні тыдзень у Армэніі ўдалося сустрэць толькі аднаго прыхільніка ўладнай Рэспубліканскай партыі — кіроўцу, які «супраць Амэрыкі ў Армэніі». Большасьць тут верыць, што Нікол стане кіраўніком краіны і скончыцца 21-гадовая ўлада Рэспубліканскай партыі.

За месяц Пашыньян ператварыўся ў нацыянальнага героя

Посьпех Нікола шмат у чым тлумачыцца ягоным вобразам. Яшчэ месяц таму гэта быў гладка паголены дэпутат. Цяпер Пашыньян — барадаты рэвалюцыянэр у камуфляжнай майцы, красоўках, кепцы Adidas і з заплечнікам. Тут кажуць, што сваім абліччам і папулярнасьцю ён нагадвае героя карабаскай вайны Монтэ Мэлканьяна.

«З Пашыньянам цудоўна папрацавалі з гледзішча іміджмэйкінгу, — кажа палітоляг Гарут’юн Васканьян. — Як і Мэлканьян, Нікол выклікае толькі пазытыўныя эмоцыі. Цяпер яны вельмі падобныя. Невялікую ролю, але гэта таксама адыграла».

Калі не прагаласуюць за Нікола, заўтра будуць падпальваць дамы рэспубліканцаў

Учора, 1 траўня, Ерэван зьбіраўся «заліць віном вуліцы ад радасьці», як кажа Гайк Залібэк’ян. На мінулым тыдні пад ціскам пратэстаў Сэрж Саргсьян адмовіўся ад пасады прэм’ер-міністра і сышоў з палітыкі пасьля 11 гадоў кіраваньня Армэніяй.

Увесь дзень у горадзе было незвычайна ціха для гэтых рэвалюцыйных дзён. Тысячы людзей сабраліся ў цэнтры і слухалі радыёўключэньне з парлямэнту. Нехта прыцягнуў вялізную калёнку і паставіў яе за квартал ад Рэспубліканскай плошчы. Вакол калёнкі кругам сядзяць людзі, а ў цэнтры, на зэдліку, стары мужчына. Выглядае гэта як нарада дзесьці ў горным сяле.

Пашыньян заклікае да акцый масавага непадпарадкаваньня

Людзі слухаюць радыё ў машынах, адчыняюць дзьверцы і ўключаюць на поўную моц. Многія глядзяць жывую трансьляцыю армянскай службы Радыё Свабода — Радыё Азатут'юн. Свабода тут стала паўнавартасным тэлебачаньнем, дзе навінавыя відэаэфіры маюць такі самы ахоп, як і вядучыя тэлеканалы Армэніі. Калегі кажуць, што з прэс-картай Свабоды можна перасоўвацца нават па заблякаваным горадзе.

Да самага вечара ў горадзе адчувалася напружаньне. Армяне чакалі, што іхні Нікол стане новым прэм’ер-міністрам. Іншых варыянтаў ніхто нават не ўяўляў.

«Калі не прагаласуюць за Нікола, заўтра будуць падпальваць дамы рэспубліканцаў», — кажа таксоўшчык, які ня можа трапіць у цэнтар гораду.

А 21-й Ерэван заглушаецца сыгналамі аўтамабіляў. Людзі з нацыянальнымі сьцягамі едуць па цэнтральных вуліцах і бясконца гудуць. Гэта нагадвае сьвяткаваньне перамогі ў футбольным матчы. Менавіта так рэагуюць армяне на паразу Нікола. Рэспубліканцы прагаласавалі супраць, і ён ня стаў прэм’ер-міністрам. Але Нікол прапаведуе мірны пратэст, заклікае ўсіх выконваць закон і ні ў якім разе не ўжываць сілы супраць улады.

З такой падтрымкай, якую ён мае цяпер, можна лёгка захапіць парлямэнт, чаго хацелі б тут многія. Замест гэтага Нікол заклікае грамадзян да агульнага страйку ад заўтрашняй раніцы. Ён ня хоча, каб пратэсты прывялі да ахвяраў, як гэта было ў 2008 годзе. Тады на вуліцах Ерэвану былі застрэленыя 9 чалавек.

«Гэта апошнія дні Саргсьяна і ягоных людзей, браце»

Сёньня Ерэван — гэта суцэльны конкурс на самы арыгінальны аўтамабіль

«Мы не пацярпелі паразы ўчора, гэта адкладзеная перамога, — кажа сёньня раніцай на скрыжаваньні ў цэнтры сталіцы малады хлопец Армэн. — Ва ўсёй Армэніі вы ўжо ня знойдзеце ніводнага чалавека, які яшчэ падтрымлівае ўладу».

На мінулым тыдні два дні не было пратэстаў, дык людзі ўжо засумавалі па іх

Пратэстоўцы дзейнічаюць неверагодна зладжана. Увечары Нікол заклікаў блякаваць вуліцы ад 8.15 да 16-й гадзіны. Роўна паводле гадзіньніка вуліцы перакрылі раніцай, а потым рух аднавілі ўвечары. Пратэстуюць таксама паводле раскладу — да 22–23-й гадзіны, ня болей. Потым сам Нікол заклікае ўсіх разыходзіцца па хатах і набірацца сілаў перад наступным днём пратэстаў.

«На мінулым тыдні два дні не было пратэстаў, дык людзі ўжо засумавалі па іх, — кажа палітоляг Гарут’юн Васканьян. — Не пабаюся сказаць, што ўсе палітычныя пытаньні ў будучыні будуць вырашаць праз вулічныя пратэсты. Людзі маюць пасьпяховы прыклад, і гэта працуе».

Што дзівіць беларусаў, дык гэта брак прадзяржаўных мітынгаў. За цэлы месяц пратэстаў у краіне не прайшло ніводнага шэсьця ў падтрымку Сэржа Саргсьяна. Яшчэ і таму пратэстоўцы так моцна настроеныя на перамогу.

«Гэта апошнія дні Саргсьяна і ягоных людзей, браце, — кажа Хачатур, мясцовы праграміст, што рэгулярна ходзіць перакрываць дарогі. — Ніхто ўжо ў гэтым не сумняецца».