Менскі гарвыканкам забараніў акцыю «Несьмяротны полк» 9 траўня

Удзельнікі акцыі ў Маскве

Акцыя «Несьмяротны полк» не была дазволеная ўладамі Менску. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў агенцтве Sputnik паведаміў яе арганізатар, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі Валеры Драко.

«Мы зьвярнуліся з заявай у Менгарвыканкам — на вялікі жаль, у шэсьці калёны «Несьмяротнага палку» было адмоўлена», — сказаў ён.

Акцыя запачаткаваная ў Расеі, удзельнікі выходзяць 9 траўня на вуліцы гарадоў з партрэтамі сваякоў, якія ваявалі ці працавалі ў тыле.

Узначаліць калёну прапаноўвалі Аляксандру Лукашэнку, але адказу з адміністрацыі не атрымалі. Але арганізатары спадзяюцца правесьці сваю акцыю і без дазволу ўладаў.

«Нам не дазволілі, але мы будзем удзельнічаць у мітынгу на плошчы Перамогі. Мы вырашылі для сябе, што людзі прыйдуць на сьвята з партрэтамі, і мы ня можам іх падвесьці, а таму павінны прывесьці іх на плошчу, ускласьці кветкі», — сказаў Валеры Драко.

Акцыі плянуюцца таксама ў Берасьці і Віцебску. У Берасьці акцыя дазволеная, а ў Віцебску тыя, хто хацеў на яе выйсьці, возьмуць удзел у агульнагарадзкім сьвяткаваньні Дня Перамогі.