Рассельгаснагляд выкрыў новую схему пастаўкі забароненых беларускіх тавараў у Расею

Пункт пропуску «Красная Горка», ілюстрацыйнае фота

Рассельгаснагляд заявіў пра схему «ілжывага транзыту»: паводле дакумэнтаў, малочная прадукцыя зь Беларусі накіроўваецца ў Казахстан, а насамрэч — рэалізуецца ў Расеі.

На аўтадарозе ў Рослаўскім раёне на Смаленшчыне супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы спынілі рух пяці грузавікоў, якія перавозілі сьметанковае масла агульнай вагай 100 тонаў. Груз накіроўваўся ў абход афіцыйнага пункту ўліку і прыняцьця апавяшчэньня «Чырвоная Горка». Прадукцыю перадалі спэцыялістам упраўленьня Рассельгаснагляду.

Падчас адміністрацыйнага расьсьледаваньня ўстанавілі, што масла вырабілі на ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», прадукцыю якога ў Расеі забаранілі. Паводле дакумэнтаў, груз адпраўляла КУП «Менаблмясамалпрам», а атрымальнікам значылася казахстанскае ТАА «Степ мастер плюс».

Лёс грузу высьветліцца пасьля завяршэньня адміністрацыйнага расьсьледаваньня. КУП «Менаблмясамалпрам» накіравала ў Рассельгаснагляд хадатайніцтва аб вяртаньні ўсіх партый масла з прычыны «парушэньня тэрмінаў пастаўкі».