Эканаміста Сяргея Чалага жорстка зьбілі невядомыя. Ён у шпіталі

Сяргей Чалы, архіўнае фота

Сёньня ўначы пяцёра невядомых напалі на эканаміста і аўтара праграмы «Эканоміка на пальцах» на TUT.BY Сяргея Чалага. Цяпер ён знаходзіцца ў шпіталі з чэрапна-мазгавой траўмай і пераломам носа.

Каля поўначы Сяргей Чалы разам з двума сябрамі выходзіў з бару. Празь некалькі хвілінаў да іх падбеглі пяць чалавек і пачалі зьбіваць.

Чалы лічыць, што напад быў сплянаваны.

— Таварышаў амаль не закранула, білі мяне. І толькі па галаве — на целе нават сінякоў няма, — распавёў Сяргей Чалы TUT.BY. — Усё выглядала даволі дзіўна. Яны ня тое што міма праходзілі, маўляў, «дай закурыць». І ў іх не было прэтэнзіяў да ўсёй кампаніі. Тады б аднолькава дасталася ўсім.

Сяргей Чалы напісаў на нападнікаў заяву ў міліцыю.

Ён мяркуе, што на аднаўленьне яму спатрэбіцца ня менш за месяц.

Сяргей Чалы — беларускі эканаміст-аналітык. У 1993 быў аналітыкам перадвыбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі, потым працаваў у Апэратыўна-аналітычным цэнтры пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Затым сышоў у прыватны бізнэс. У 2006 быў неафіцыйным кансультантам па эканамічных пытаньнях у кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. У 2015 — даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч. Зьяўляецца эканамічным экспэртам грамадзкай ініцыятывы «Народная праграма» (з 2010 г.).