Дракахруст спрачаецца зь Зісерам наконт нацыянальнай ідэі

Юры Дракахруст

Юрыю можна падзякаваць прынамсі за падыход. Хаця яго прапановы ўяўляюцца мне спрэчнымі, але яны насамрэч каштоўныя нават у сваёй спрэчнасьці.

Ягоная формула нейкая абстрактная, ніяк не ўгрунтаваная ў нацыянальны кантэкст. А мне здаецца, што яна мусіць быць угрунтаваная.

І мне асабіста яна бачыцца як сынтэз. Беларусь як сынтэз, зьняцьце, паводле Гегеля, супярэчнасьці паміж Захадам і Усходам, сплаў заходняй рацыянальнасьці і ўсходняй эмацыйнасьці, містыкі. І гэта лінія — ад Абдзіраловіча да Акудовіча, гэта пра духоўныя, а не пра бізнэсовыя практыкі. Не, калі бізнэсоўцы, у тым ліку і мэдыя-бізнэсоўцы, прапануюць нешта, дык гэта можна толькі вітаць. Але нацыянальная ідэя — гэта пра ўсіх.

Калі Юры піша, што рабацягам на заводах можна адно паспачуваць і наагул іх наканаваньне — своечасова здохнуць, дык гэта не нацыянальная ідэя паводле вызначэньня. Яны мо людзі «простыя і някніжныя», але іх — прынамсі паўкраіны, паўнацыі, і прапаноўваць ім пэрспэктыву толькі здыханьня — да нацыянальнай ідэі гэта не зусім пасуе, на мой погляд.

Але, зь іншага боку, прапаноўваць — а давайце мы будзем, як літоўцы, скажам — такое таксама наўрад ці пройдзе. Мы ж вядзем гутарку ня ў нейкім 1990-м годзе. Тады можна было ўяўляць будучыню якой-хаця. Аднак мне падаецца недарэчным лічыць час кіраваньня Лукашэнкі проста памылкай прыроды, якую трэба выправіць паводле формулы «Інтэрнацыяналу»: «Стары парадак мы зруйнуем магутным выбухам сваім...». Гэты час прынамсі дэманструе, што можна, а чаго нельга зрабіць, што прымае, а чаго не прымае беларускі народ.

Вось нейкая такая рэч пра сынтэз, пра тое, што беларусы такія ўнікальныя, што яны і рускія са знакам якасьці і эўрапейцы са знакам якасьці, можа і прайсьці. Нацыянальныя ідэі канструююцца менавіта на такі капыл. А не на той, што мы будзе мець шмат грошай і будзе нам шчасьце. А калі ня будзе шмат грошай, дык і няма нацыі? А калі ня ўсім будзе шмат, дык і гамон нацыянальнай ідэі?

Ня ў грошах нацыянальная ідэя. А ў гатоўнасьці забіваць і паміраць. Ну ў крайнім выпадку. Але менавіта ў ім — не за грошы. І ўсе размовы, што беларусам трэба адно дабрабыт, — гэта лухта. Гэта глухата, няздольнасьць пачуць, адчуць іх душу. У 1994-м Лукашэнка іх купіў не адно абяцаньнямі грошай ці наагул ня імі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.