NASA прыпыняе апэрацыю Opportunity на Марсе

Нацыянальная аэракасьмічная адміністрацыя ЗША (NASA) прыпыніла выкананьне навуковых апэрацый марсахода Opportunity праз пылавую буру. Як гаворыцца на сайце NASA, бура бушуе амаль два тыдні.

Гэта перашкаджае пранікненьню сонечных прамянёў скрозь атмасфэру і пазбаўляе марсахода крыніцы энэргіі, бо касьмічны падарожнік працуе на сонечных батарэях. Для Марса, які называюць Чырвонай плянэтай, магутныя пылавыя буры — ня рэдкасьць. Яны могуць доўжыцца тыднямі, а то і месяцамі.

Раней у гэтым месяцы дасьледчыкі NASA абвясьцілі аб адкрыцьці арганічных малекул мэтану на Марсе. Па дадзеных агенцтва Reuters, наяўнасьць мэтану можа сьведчыць пра існаваньне жыцьця на гэтай плянэце. На Зямлі значную частку гэтага газу вырабляюць менавіта мікраарганізмы.

Мэтан выявілі на дне высахлага возера. Навукоўцы лічаць, што газ утвараецца ў ніжніх пластах грунту Чырвонай плянэты. Не выключаецца, што прычына яго зьяўленьня на Марсе — дзейнасьць мікробаў або любых геатэрмальных працэсаў. Са сьцьвярджэньнямі супрацоўнікаў NASA згодныя ня ўсе: крытыкі сьцьвярджаюць, што мэтан быў прывезены зь Зямлі.