Кіраўнік «Дынама» (Берасьце) адказаў на абвінавачаньне ў расізьме

Дыега Марадона ўчыніў некалькі скандальных эксцэсаў падчас матчу першага тура групавога этапу ЧС-2018 паміж зборнымі Аргентыны і Ісьляндыі.

Журналістка BBC Джэкі Оўтлі напісала ў сваім Твітэры, што Марадона паказаў расісцкі жэст аднаму з заўзятараў.

«Марадона ўжо не такі файны. Заўзятары з Паўднёвай Карэі проста крычалі "Дыега", ён ім усьміхнуўся, паслаў паветраны пацалунак і памахаў рукой. Затым ён расьцягнуў куты вачэй у бакі, што відавочна было расісцкім жэстам. Усе мы, хто гэта бачыў, ашаломленыя».

Сам Марадона ўжо паспрабаваў апраўдацца. У сваім Фэйсбуку ён напісаў:

«Я паспрабаваў здалёк паказаць ім, наколькі мне прыемна, што нават у Азіі падтрымліваюць нас. Вось і ўсё, хлопцы, вышэй галаву», — напісаў аргентынец.

Таксама Марадона парушыў забарону курыць на стадыёне, выкурыўшы цыгару проста падчас матчу. Пазьней ён растлумачыў, што ня ведаў пра забарону.

А адразу пасьля матчу Марадону затрымала паліцыя, бо ён сіламоц спрабаваў уварвацца ў разьдзявальню аргентынскай зборнай. Нібыта ён хацеў выказаць свае прэтэнзіі Леа Мэсі.

Дыега Марадона ўзначаліць беларускі футбольны клюб