КНДР і Паўднёвая Карэя аднавілі радыёсувязь паміж вайсковымі караблямі

Ілюстрацыйнае фота. Караблі Паўднёвакарэйскага флоту патрулююць тэрыторыю ў водах Жоўтага мора, 2009 год

Паміж вайсковымі караблямі Паўднёвай Карэі і КНДР упершыню за дзесяць гадоў адбыўся сэанс радыёсувязі.

Сувязь плянуюць падтрымліваць для «разрадкі ваеннай напружанасьці» паміж краінамі, а таксама для «прадухіленьня нечаканых сутыкненьняў, асабліва Жоўтым моры», паведамляе агенцтва Yonhap са спасылкай на заяву паўднёвакарэйскага міністэрства абароны.

Згодна з паведамленьнем, ваенна-марское судна Паўднёвай Карэі зьвязалася з паўночнакарэйскім патрульным катэрам, пасьля чаго ён адразу ж адказаў на выклік. Адзначаецца, што тэставы сэанс сувязі працягваўся дзевяць гадзінаў.

Марская сувязь паміж дзьвюма краінамі была разарваная ў траўні 2008 году пасьля таго, як Пхэньян перастаў адказваць на паўднёвакарэйскія сыгналы, нагадвае агенцтва.

Адносіны паміж краінамі палепшыліся пасьля таго, як у канцы красавіка адбыўся саміт паміж кіраўніком КНДР Кім Чэн Ынам і прэзыдэнтам Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Інам. Перад гэтым паўночнакарэйскі лідэр паабяцаў прыпыніць ядзерныя выпрабаваньні і расфарміраваць ядзерны палігон, а таксама спыніць выпрабаваньні ракет. У канцы чэрвеня КНДР і Паўднёвая Карэя дамовіліся аб першай за тры гады сустрэчы падзеленых сем’яў, а ЗША адмянілі сумесныя з Сэўлам вайсковыя вучэньні на Карэйскім паўвостраве, заплянаваныя на жнівень 2018 году.

Паўночная і Паўднёвая Карэі вядуць перамовы. З чаго пачыналася пацяпленьне

КНДР і Паўднёвая Карэя дамовіліся аб ядзерным раззбраеньні