Лёндан: атручэньне ў Эймсбэры — не мэтанакіраваны замах

Атручэньне двух брытанскіх падданых у Эймсбэры пад Солсбэры нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок», хутчэй за ўсё, не было вынікам мэтанакіраванага замаху на іх.

Паводле працоўнай вэрсіі сьледзтва, Чарльз Роўлі і Доўні Стэрджас атруціліся «Навічком», які застаўся ў раёне Солсбэры пасьля замаху на былога супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку Юлію у сакавіку сёлета. Пра гэта заявіў міністар бясьпекі Вялікабрытаніі Бэн Уолес.

Міністар заклікаў Расею «даць адказы» на пытаньні пра справу Скрыпалёў, якіх ад яе дамагаецца Вялікабрытанія. Паводле словаў Уолеса, гэта дапаможа праліць сьвятло на тое, што здарылася ў Эймсбэры, і гарантаваць бясьпеку жыхароў Солсбэры і навакольля.

Брытанская паліцыя назвала «Навічок» прычынай новага атручваньня каля Солсбэры

Лёндан абвінавачвае Маскву ў датычнасьці да атручваньня Сяргея і Юліі Скрыпалёў. Расея гэта адмаўляе. У сувязі з новым выпадкам атручваньня «Навічком» член Савету Фэдэрацыі Расеі Ўладзімір Шаманаў заклікаў Брытанію прыцягнуць расейскіх спэцыялістаў да расьсьледаваньня, а дэпутат Дзярждумы Сяргей Жалязьняк выказаў меркаваньне, што гаворка ідзе пра правакацыі з мэтай азмрочыць чэмпіянат сьвету па футболе ў Расеі.

Пра тое, што двое жыхароў Эймсбэры пацярпелі ад «Навічка», стала вядома ўвечары ў сераду. Вынікі дасьледаваньня пробаў, узятых у пацярпелых, прыйшлі зь лябараторыі міністэрства абароны.

Мужчына і жанчына ва ўзросьце каля 40 гадоў былі знойдзеныя 30 чэрвеня у несьвядомым стане ў прыватным доме ў Эймсбэры. Яны знаходзяцца ў шпіталі ў крытычным стане. Няма ніякіх сьведчаньняў таго, што яны наведвалі месцы, дзе праводзілася дэзактывацыя пасьля атручваньня Скрыпалёў.

Кім працавалі пацярпелыя, пакуль не паведамляецца, аднак прадстаўнік паліцыі заявіў, што ў іх біяграфіі няма нічога такога, што сьведчыць аб іх сувязях са спэцслужбамі.

Лёндан сьцьвярджае, што за замахам на Сяргея і Юлію Скрыпалёў стаіць Крэмль, паколькі для атручваньня выкарыстоўваўвалася распрацаваная ў СССР баявая атрута «Навічок». Скрыпалі пасьля замаху выжылі.