Памерла брытанка, якая атруцілася «Навічком» пад Солсбэры

На месцы здарэньня

44-гадовая брытанка Дон Стэрджэс, якая пацярпела ад нэрвова-паралітычнага рэчыва ў Эймсбэры (непадалёк ад Солсбэры, дзе ў сакавіку гэтага году былі атручаныя экс-палкоўнік ГРУ Расеі Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія), 8 ліпеня ўвечары памерла ў бальніцы, паведамляе «Настоящее время».

«Сьледчыя расьсьледуюць справу аб забойстве пасьля таго, як жанчына, якая зазнала ўзьдзеяньне нэрвова-паралітычнага рэчыва „Навічок“ у Эймсбэры ў графстве Уілтшыр, памерла ў бальніцы гэты вечар», — гаворыцца ў паведамленьні брытанскай паліцыі.

Скотланд-Ярд паведамляе, што ў жанчыны засталося трое дзяцей.

Кіраўнік ураду Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй заявіла, што яна «засмучаная і шакаваная» тым, што адбылося.

45-гадовы Чарлі Роўлі, які быў шпіталізаваны разам са Стэрджэс, усё яшчэ застаецца ў бальніцы Солсбэры. Ягоны стан ацэньваюць як крытычны.

Дон Стэржэс і Чарлі Роўлі былі шпіталізаваныя 30 чэрвеня. 4 ліпеня ўлады абвясьцілі, што пара атруцілася «Навічком». Паліцыя лічыць, што брытанская пара магла трапіць пад узьдзеяньне нэрвова-паралітычнага атрутнага рэчыва праз «заражаны прадмет». Самая высокая канцэнтрацыя была знойдзеная на іх руках. Паліцыя мяркуе, што яны трымалі ў руках кантэйнэр або посуд, у якім перавозілі «Навічок».

Брытанская паліцыя: прадмет з атрутай «Навічок» знаходзіўся ў замкнёнай прасторы

Паліцыя лічыць, што пацярпелыя не зьвязаныя з атручваньнем экс-палкоўніка ГРУ Расеі Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі, а сталі выпадковымі ахвярамі.

Брытанскія ўлады абвінавацілі расейскія спэцслужбы і Крэмль у атручваньні Скрыпалёў. У адказ на прымяненьне Расеяй хімічнай зброі на тэрыторыі Вялікай Брытаніі прэм’ер-міністар краіны Тэрэза Мэй абвясьціла аб высылцы 23 расейскіх дыпляматаў, а таксама аб узмацненьні жорсткасьці заканадаўства ў дачыненьні да шпіянажу.

Вялікая Брытанія зьвярнулася ў Раду Бясьпекі ААН, паставіўшы пытаньне аб ужываньні Расеяй хімічнай зброі на тэрыторыі каралеўства, і ў Арганізацыю па забароне хімічнай зброі, чыім сябрам зьяўляецца Расея. У запыце АЗХЗ Вялікая Брытанія сьцьвярджала, што Расея ня зьнішчыла свае запасы хімічнай зброі, што павінна была зрабіць яшчэ 20 гадоў таму.

«Як магло здарыцца новае атручэньне «Навічком». Відэа