У Расеі прызначылі суд над выкрадзеным у Беларусі ўкраінцам Паўлам Грыбам

Паўло Грыб да затрыманьня

23 ліпеня ў Паўночна-Каўкаскім акружным вайсковым судзе Растова-на-Доне пачнецца першае судовае паседжаньне крымінальнай справы грамадзяніна Ўкраіны Паўла Грыба. Пра гэта паведаміў яго бацька, украінскі вайсковец Ігар Грыб.

1 ліпеня Паўлу споўнілася 20 гадоў. Летась у жніўні ён зьнік у Гомлі, дзе сустракаўся зь дзяўчынай з Расеі. Паводле бацькі Паўла, расейскія спэцслужбы выманілі яго на тэрыторыю Беларусі, дзе правялі апэрацыю з выкраданьнем і таемным перавозам у Расею. Праз месяц яго знайшлі ў СІЗА ў расейскім Краснадары.

Там Паўлу выставілі крымінаьнае абвінавачаньне ў падрыхтоўцы тэракту. Пры гэтым украінскія праваабаронцы ўпэўненыя: сапраўднай падставай для фабрыкацыі справы сталі паведамленьні ў сетцы «Укантакце» аб тым, што ён не прызнае анэксію Крыму і асуджае расейскую агрэсію на Данбасе.

Справу выкрадзенага ў Беларусі ўкраінца перадалі ў расейскі суд

Паўло Грыб мае інваліднасьць, з-за чаго вымушаны пастаянна прымаць прэпараты. Аднак у зьняволеньні ён ня мае належнай мэдычнай дапамогі, яму нават не перадаюць лекі, якія накіроўваюць яго родныя.

Летась расейскія ўлады не дапусьцілі ўкраінскіх лекараў, якія прыехалі ў Краснадар, каб агледзець маладога чалавека. Паводле адваката, яго стан пагаршаецца, цела пакрылася язвамі.

МЗС Украіны патрабуе неадкладнага допуску лекараў да Паўла Грыба, які з Гомля трапіў у расейскую турму