«Баімся за брата». Сёстры палітвязьня Плошчы Сьвятаслава Барановіча дагэтуль ня маюць ад яго вестак з калёніі

Сьвятаслаў Барановіч, архіўнае фота

Былы палітвязень Сьвятаслаў Барановіч, асуджаны сёлета за напад на міліцыянта падчас леташняга «шэсьця недармаедаў» у Менску, накіраваны адбываць пакараньне ў калёнію № 1 у Наваполацку. Але гэта пакуль усё, што пра яго ведаюць сваякі і сябры. Сястра Барановіча Натальля кажа, што ніхто зь іх так і не атрымаў ад Сьвятаслава з калёніі аніводнага ліста, таксама ён нікому не патэлефанаваў.

«Нас толькі афіцыйна ўведамілі, што з ізалятара ў Жодзіне брат пераведзены ў калёнію ў Наваполацку, што з 3 чэрвеня ён там. Але далей ад яго — ані слова. Вельмі непакоімся за яго, ды што непакоімся — баімся. Разумею, мог быць у карантыне, але ўжо амаль 2 месяцы — нічога ад яго няма. Канечне, мы падазравалі, што з артыкулам, па якім ён сядзіць, у яго могуць узьнікнуць цяжкасьці. Вось так, відаць, і адбываецца. Але хаця б сказалі, што зь ім? Дык нічога ня кажуць, і мы ўжо ня ведаем, што рабіць!» — сказала Натальля.

Сёстры Барановіча Натальля і Алена паслалі брату некалькі лістоў, на якія ён не адказаў. Не паведаміў ён і пра тое, ці атрымаў пасланыя яму грошы. Зь невядомай сёстрам прычыны Сьвятаслаў таксама не адказвае ні на лісты Валянціны Іванаўны — гаспадыні кватэры, у якой ён жыў да арышту, — ні на лісты шматлікіх сяброў.

Хто такі Сьвятаслаў Барановіч, асуджаны на 3 гады за напад на «людзей у цывільным»

На мінулым тыдні Натальля хадзіла ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, дзе спытала, чаму не атрымлівае лістоў ад брата.

«Адказалі: „А можа, ён ня хоча вам пісаць“. Але гэтага ня можа быць! На спатканьні пасьля суду, у траўні, Сьвятаслаў казаў, каб пісалі, абяцаў адказваць, а цяпер маўчыць. Што гэта можа азначаць?» — непакоіцца сястра вязьня.

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка мяркуе, што Сьвятаслаў Барановіч праходзіць празь вядомае іншым вязьням кола ціску з боку адміністрацыі калёніі.

Андрэй Бандарэнка

«Гэта стандартныя мэтады ціску. І калі няма ад яго ня толькі лістоў, але і званкоў, дык адназначна, што сядзіць у ШЫЗА. А калі маўчаньне цягнецца другі месяц, дык ясна, што адзін тэрмін у 10 сутак ідзе за другім, і гэтак можа быць бясконца — наш гумовы закон гэта дазваляе. За што яго пакаралі? Фармальна за што заўгодна: пыл на палічцы, ня гэтак павітаўся...

А па сутнасьці, караюць не „за што“, а „дзеля чаго“. Такія, як Барановіч — былы палітвязень, ды зь ягоным цяперашнім артыкулам, — адразу трапляюць у зону асаблівай увагі, дзе асноўны мэтад — трывалы ціск. Ставіцца задача зламаць іх волю да супраціву, ды яшчэ і прынізіць.

Не выключаю, што могуць ужыць і правакацыю. Каб нацкаваць на яго іншых вязьняў, як зь Міхаілам Жамчужным у Бабруйскай калёніі. Барановічу адназначна цяпер нясоладка», — мяркуе праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

У наваполацкай калёніі № 1 карэспандэнту Свабоды на просьбу адказаць, што адбываецца зь вязьнем Сьвятаславам Барановічам, далі тэлефон апэратыўнага аддзелу, але па сутнасьці нічога не сказалі. У апэратыўным аддзеле калёніі ніхто слухаўку не падняў.

Сёстры Барановіча Натальля і Алена зьбіраюцца ехаць у калёнію самі, каб паспрабаваць даведацца, што з братам.

«Мне адной гэта не па сілах», — са сьлязьмі ў голасе кажа Натальля.

Прадпрымальнік Сьвятаслаў Барановіч у сакавіку быў асуджаны на 3 гады калёніі за зьбіцьцё міліцыянта ў цывільным пасьля леташняга «Маршу недармаедаў» — ён спрабаваў уратаваць ад затрыманьня актывіста анархісцкага руху.

У судзе Барановіч прызнаў віну часткова, казаў, што не да канца ўсьведамляў, што перад ім міліцыянт, думаў, што ратуе чалавека ад хуліганаў. У траўні Менскі гарадзкі суд адхіліў скаргу Сьвятаслава Барановіча на прысуд Маскоўскага раённага суду, прысуд яму ўступіў у сілу.

У кастрычніку 2011 году Сьвятаслаў Барановіч ужо быў асуджаны на 3 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у мітынгу пратэсту супроць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

Грамадзкая ініцыятыва — форум «Свабоду палітвязьням», у які ўваходзяць Ганна Шапуцька, Вольга Мікалайчык, Кацярына Садоўская ды іншыя актывісты, — лічыць, што Сьвятаслава Барановіча ўлады перасьледуюць з палітычных прычын, і дамагаецца перагляду ягонай справы.

Што рабіць, калі на вас нападаюць «людзі ў цывільным»?