«Дзядзя нам хацеў паказаць горад з даху». Гарадзенец укалоў 7-гадовай дзяўчынцы невядомае рэчыва

Малады мужчына ў Горадні зьвёў дзьвюх дзяўчатак зь дзіцячай пляцоўкі і зрабіў адной зь іх іньекцыю. Яго ўзялі пад варту. А бацькі дагэтуль ня ведаюць, што было ў ампулах.

Завялі справу за хуліганства

Выпадак здарыўся ўвечары 26 ліпеня ў адным зь дзесяціпавярховікаў па вуліцы Дзяржынскага.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка УУС Горадзенскага аблвыканкаму Ігара Белазёрава, жыхар Горадні ўвёў дзьвюм малым дзяўчаткам нявызначанае рэчыва ў пад’езьдзе дома. У дачыненьні да яго ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства» (частка 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Яго ўзялі пад варту. Іншых падобных зваротаў ад жыхароў Горадні ў міліцыю не паступала.

Дом, дзе ўсё здарылася

Зьвёў з-пад носа ў бацькоў

Дом, дзе жывуць дзяўчаткі і дзе ўсё адбылося, лічыцца элітным, энэргаэфэктыўным. Ён за дзесяць хвілін пешшу ад цэнтру гораду. У асноўным тут жывуць супрацоўнікі праектнага інстытуту. У суседнім доме кватэры набывалі па камэрцыйных коштах, вышэйшых за сярэднія па горадзе. «Набывалі або інтэлігенты, або людзі зь вялікімі грашыма, ніякіх асацыяльных сем’яў», — кажуць людзі з гэтага раёну.

Падобных выпадкаў у гэтых дварах раней не адбывалася.

Пацярпелі дзьве родныя сястры пяці і сямі гадоў, Яна і Мілана* (імёны зьмененыя па просьбе ўдзельнікаў гісторыі). Яны выхоўваюцца ў шматдзетнай сям’і: маці — праекціроўшчык, тата — міліцыянт. Апрача іх дваіх, ёсьць яшчэ старэйшае і малодшае дзіця.

У той вечар дзяўчаткі гулялі на дзіцячай пляцоўцы пад наглядам бацькі ў кампаніі іншых сябровак. Урэшце тата са старэйшай дачкой пайшоў дадому, малодшыя меліся прыйсьці неўзабаве.

«Яны ж праз кожныя 15 хвілін забягаюць дадому: папіць, ровар пакінуць, самакат узяць. Дзьверы ў нас не зачыняюцца. Заўжды гуляюць зь іншымі дзецьмі. Мы за імі вызіраем», — тлумачыць маці дзяўчатак Людміла, чаму не адразу ўстрывожылася.

Шмат хто з суседзяў яшчэ ня ведае, што адбылося

Бліжэй пад дзясятую вечара, калі было яшчэ ня вельмі цёмна, жанчына пайшла клікаць дзяцей з вуліцы. Але іх там не было. Бацькі абышлі бліжэйшыя двары, запыталіся ў суседзяў, зь якімі сябравалі малыя, ці не зайшлі тыя ў госьці. Але іх нідзе не было. Пасьля чарговага кола пошукаў тата сутыкнуўся ў дзьвярах з дочкамі. Побач на лаўцы сядзеў мужчына, на якога бацька не зьвярнуў увагі.

«Толькі прышчэпачку нам зрабіў»

Ужо ў кватэры пасьля пытаньняў бацькоў дзяўчаткі расказалі, што адбылося.

«"Дзядзя нам хацеў паказаць горад з даху. Ён нічога не рабіў, толькі прышчэпачку нам зрабіў", — пераказвае маці словы дзяўчатак. — Я адразу ў "хуткую", у міліцыю пачала званіць».

Той самы дах

​Паводле словаў малых, яны падняліся на ліфце на самы верх суседняга пад’езда. Каб ня страшна было выходзіць на дах, незнаёмец зрабіў Мілане іньекцыю ў руку (у вену ня трапіў), малодшай — упырснуў рэчыва ў рот, як спрэй. Сказаў не выплёўваць. Пры іх мужчына набіраў нейкую вадкасьць з ампул у шпрыцы.

Горад з вышыні дома

Сёстры ніколі не баяліся прышчэпак. Нават у кабінэт да лекараў раней заходзілі самі, як дарослыя. Дзеці не супраціўляліся, бо ім цікава было паглядзець на горад з вышыні. На «прышчэпку» пагадзіліся, каб ім не было страшна глядзець зьверху.

Незнаёмец праверыў выхады на дах, але яны былі зачыненыя. Калі пачуў, што нехта падымаецца на ліфце, прапанаваў дзецям хуценька пабегчы ўніз, каб іх не заўважылі. Загадаў, каб дзяўчаткі нічога не расказвалі. Стаў падскокваць, каб схаваць шпрыцы на ліхтар у пад’езьдзе.

Што вядома пра незнаёмца?

Гэта гарадзенец. Яму 35 або 36 гадоў. Жыве за 10–15 хвілін пешшу ад дзяўчатак. Раней у двары яго ня бачылі. Высокі і худы. Мае малое дзіця, разьведзены. Увесь час усьміхаўся пацярпелым дзяўчаткам, прыязна зь імі размаўляў. Апрануты быў звычайна: спартовыя шорты, майка, красоўкі.

Дзеці запомнілі ягоныя русыя некароткія валасы. Перад затрыманьнем ён пагаліў галаву. Паводле непацьверджанай інфармацыі, якой валодае маці, мужчына мае захворваньне.

Наколькі ведае маці, мужчына цалкам адмаўляе свой удзел у гэтай сытуацыі. Сьцьвярджае, што ні ў чым не вінаваты. Паводле яе, раней мужчына сядзеў за пагрозу забойствам. Ягоны брат цяпер сядзіць за крадзеж.

«Перадусім я хачу ведаць, што ён ім укалоў»

Галоўнае, што цяпер хвалюе бацькоў, — што за рэчыва атрымалі дзеці. На верхнім паверсе пад’езда, а таксама ў кішэнях мужчыны знайшлі шпрыцы. Паводзіны дзяцей пасьля іньекцыі не зьмяніліся. Пакуль незразумела, ці ёсьць у іх нейкія зьмены ў здароўі. Людміла пракансультавалася зь лекарамі і даведалася, што ёсьць рэчывы, якія можна выявіць толькі праз доўгі тэрмін.

«Калі б я цяпер даведалася, што ён укалоў, то маглі б адразу правесьці курс супрацьдзеяньня ў лякарні. Калі гэта гепатыт, то яго можна выявіць толькі праз два тыдні», — кажа яна.

Маці хоча пагаварыць з мужчынам, які, меркавана пакрыўдзіў ейных дачок. Але ёй не дазваляюць.

«Хачу, каб пасадзілі»

«Хачу, каб пасадзілі», — з уздыхам кажа Людміла.

Яна ня ведае, што павінна стацца, каб яна перастала перажываць за дзяцей. Дзяўчаткі цяпер не адыходзяць далёка ад дома. Па словах маці, яны сталі больш неспакойна спаць. На ноч просяць пакінуць у пакоі сьвятло. Ня хочуць нікуды ісьці па адной.