«Газпром» ня можа ўзяць крэдыты ў замежных банках

Па эксклюзіўнай інфармацыі крыніц агенцтва Reuters, арышт актываў «Газпрома» ў Вялікабрытаніі ў рамках спрэчкі з украінскім «Нафтагазам» абмяжоўвае расейскі канцэрн у прыцягненьні крэдытаў у замежных банкаў.

Праграма пазыкаў «Газпрому» пакуль прыпыненая праз рызыку замарозкі сродкаў, якiя пералiчваюцца расейскаму канцэрну, сказала крыніца, дадаўшы, што пасьля арышту актываў у Злучаным Каралеўстве адзін з банкаў замарозіў крэдытную зьдзелку да высьвятленьня сытуацыі. Які менавіта банк — не паведамляецца.

Лёнданскі суд у чэрвені пастанавіў замарозіць актывы «Газпрома» ў Вялікабрытаніі ў рамках выкананьня рашэньня Стакгольмскага арбітражу, па выніках якога расейскі канцэрн павінен выплаціць Кіеву больш за 2,5 млрд даляраў.

Акрамя Брытаніі ўкраінскі «Нафтагаз» ініцыяваў працэс арышту актываў «Газпрома» ў Галяндыі і Швайцарыі. «Газпром» з рашэньнем Стакгольмскага арбітражу ня згодны і спрабуе яго аспрэчыць.

Брытанскі вэрдыкт, адзначае Reuters, хутчэй за ўсё, напалохаў банкіраў, якія традыцыйна працуюць з «Газпромам» на міжнародным рынку.

Калі «Газпром» ня знойдзе рашэньня для зьняцьця арышту актываў, то праграму пазык на зьнешнім рынку яму наўрад ці ўдасца выканаць у поўным аб’ёме, сказала адна з крыніц.