Затрыманых у «справе БелТА» журналістаў выпускаюць на волю. Але ня ўсіх

Марына Золатава пасьля вызваленьня абдымаецца з дачкой

Сьледчы камітэт паведаміў, што скончыў правядзеньне неадкладных дзеяньняў у «справе БелТА». Затрыманыя журналісты пачалі выходзіць на волю, але ня ўсе.

На волю ўжо выйшлі рэдактар сайту газэты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў, выпускаючая рэдактарка Tut.by Ганна Калтыгіна, рэдактарка навукова-папулярнага аддзелу Tut.by Ганна Ермачонак, паведамляе Tut.by.

Ганна Калтыгіна распавяла Свабодзе, што правяла дзьве ночы ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна і чула галасы сваіх калег.

«Стаўленьне сьледчых было добрым, у самім ізалятары таксама. А вось да канвою ёсьць пытаньні. Гэта людзі злыя, абмежаваныя інструкцыямі, якія трошкі карыстаюцца сваёй уладай», — сказала Калтыгіна.

Галоўнай рэдактарцы Tut.by пашырылі абвінавачваньне

А 21:30 на волю выйшла і галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава.

«Пакуль ня буду рабіць скарацечных высноваў. Абыходзіліся са мной добра», — сказала Марына Золатава падчас вызваленьня.

У дадатак да прад'яўленага раней усім затрыманым абвінавачваньня паводле ч.2 артыкула 349 Крымінальнага кодэксу («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі» — да 2 гадоў зьняволеньня) Марыне Золатавай цяпер інкрымінуюць бязьдзейнасьць адказнай асобы (артыкул ч.2 артыкула 425 КК — да 5 гадоў зьняволеньня і забарона займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю).

Марына Золатава пасьля вызваленьня

Паводле Сьледчага камітэту, яна «актыўна садзейнічала расьсьледаваньню», таму яе таксама выпусьцілі з-пад варты.

«Расслабляцца і радавацца рана»

Заснавальнік Tut.by Юры Зісер напісаў у фэйсбуку, што ўсіх супрацоўнікаў парталу выпусьцілі на волю, аднак дадаў, што «расслабляцца і моцна радавацца рана: гэта была толькі прэлюдыя, наперадзе сьледзтва і суд».

Але выпусьцілі ня ўсіх

Пазьней стала вядома пра вызваленьне журналісткі агенцтва БелаПАН Тацяны Каравянковай. А вось пра лёс затрыманай галоўнай рэдактаркі БелаПАН Ірыны Леўшынай пакуль невядома.

Жонка затрыманага карэспандэнта Deutsche Welle Паўлюка Быкоўскага Вольга Быкоўская напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што яе муж застаецца ў зьняволеньні і заўтра яго маюць дапытваць.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
  • 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.