Журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова вызваленая. Яе затрымлівалі ў «справе БелТА»

Тацяна Каравянкова

Заўтра яе чакае допыт у Сьледчым камітэце, паведаміў адвакат.

Тацяна знаходзіцца дома. «Мяне сёньня дапыталі. Заўтра аб 11-й гадзіне я мушу яшчэ зьявіцца на допыт. Раней я адмаўлялася даваць паказаньні, бо кепска пачувалася», — распавяла Тацяна Каравянкова Радыё Свабода.

Тацяна кажа, што ў дачыненьні да яе стасуецца ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі» — да 2 гадоў зьняволеньня). Яна давала падпіску пра неразгалошваньне.

Затрымліваць Тацяну прыехалі 7 жніўня а сёмай ранку ў вёску, дзе яна адпачывала, за сто кілямэтраў ад Менску. «Зранку грукат у вароты, я выходжу, а на мяне адразу камэра са сьвятлом. Ператрус праводзілі карэктна, сьледчы таксама паводзіўся карэктна, — распавядае журналістка. — Апроч канвою, які вёз нас на Акрэсьціна, усе былі карэктныя».

Чаму было вырашана зьмясьціць журналістак у ізалятар на Акрэсьціна, Тацяна ня ведае. Зь іншымі затрыманымі ў гэтай справе падчас знаходжаньня ў Сьледчым камітэце і ў ізалятары яна не сутыкалася. «Але на Акрэсьціна я чула, як на прозьвішчы называлі Марыну Золатаву і Ганну Ермачонак», — кажа Тацяна.

Увесь гэты час Тацяна мела праблемы з ціскам, зьвярталася да турэмных мэдыкаў.

«Дома дакладна лепш, чым на Акрэсьціна», — сьмяецца Тацяна Каравянкова ў адказ на пытаньне, як пачуваецца цяпер. — Там было і душна, і сьмярдзела, як у пляцкарце «Менск-Сімфэропаль» пачатку 2000-х гадоў».

Затрыманымі ў «справе БелТА» застаюцца галоўны рэдактар Белапан Ірына Леўшына і журналіст Паўлюк Быкоўскі.

Затрыманых у «справе БелТА» выпускаюць на волю. Галоўнай рэдактарцы Tut.by пагражае да 5 гадоў турмы

Партрэты зьняволеных журналістаў. Ад Тацяны Каравянковай зьбягаюць чыноўнікі і міністры

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць​

  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
  • 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.