Лукашэнка: Нас яшчэ Бог беражэ за кошт гэтай «дыктатуры» і аўтарытарызму

Аляксандар Лукашэнка падчас паездкі ў Гомель, 10 жніўня 2018.

Аляксандр Лукашэнка наведаў у Гомелі абласную дзіцячую клінічную бальніцу пасьля рэканструкцыі. «Пабудавалі палац, інакш ня скажаш. Высокія тэхналёгіі, выдатная бальніца», — заяву кіраўніка дзяржавы цытуе прэсавая служба прэзыдэнта.

Падчас размовы з жыхарамі Гомеля Аляксандар Лукашэнка гаварыў пра важнасьць забесьпячэньня высокай якасьці мэдыцынскіх паслуг з улікам сучасных экалягічных выклікаў, нават без уліку чарнобыльскай праблематыкі. «Асабліва ў Эўропе, у Расеі, ва Ўкраіне і г. д. Нас яшчэ Бог беражэ за кошт гэтай "дыктатуры" і аўтарытарызму, за што нас крытыкуюць, — сказаў Лукашэнка. — Але экалёгія пагаршаецца, і дзеці ня ўсе нараджаюцца без паталёгіі».

Прыляцеў верталётам. Лукашэнка прыбыў у Гомель з другой спробы

Паводле прэс-службы кіраўніка Беларусі, Лукашэнка наведаў розныя корпусы і блёкі бальніцы, азнаёміўся з узроўнем аказаньня мэдыцынскай дапамогі, пагутарыў з мэдпэрсаналам і бацькамі маленькіх пацыэнтаў. Як запэўнілі кіраўніка дзяржавы, патэнцыялу бальніцы дастаткова для якаснага ахопу неабходнай мэддапамогай ня толькі жыхароў абласнога цэнтра, але і ўсяго рэгіёну. Лукашэнка таксама даручыў апэратыўна ліквідаваць і некаторыя недапрацоўкі па абсталяваньні бальніцы самым сучасным абсталяваньнем і тэхнікай, частка зь якіх пакуль яшчэ не пастаўленыя. «Гэта павінен быць супэрцэнтар, і абсталяваньне павінна адпавядаць», — заявіў ён.

Гэтаму візыту папярэднічалі масавыя затрыманьні мэдыкаў у Беларусі. Ужытыя розныя меры стрыманьня ў дачыненьні да 37 службовых асобаў. Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 60 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле крымінальных артыкулаў.